Салісты NaviBand прачытаюць тэкст Андруся Горвата на «Агульнай дыктоўцы»



«Агульная дыктоўка» – адзін з галоўных карпаратыўных сацыяльных праектаў ААТ «Лідскае піва». Яго ідэя – даць магчымасць кожнаму беларусу праверыць сваё валоданне беларускай мовай і падтрымаць імкненне ўдасканальваць свае веды.

Арганізатары зноў запрашаюць усіх ахвочых напісаць пад дыктоўку тэкст на беларускай мове. «Агульная дыктоўка» пройдзе 1 чэрвеня а 12 гадзіне ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Сёлета мерапрыемства праходзіць пры падтрымцы радыёканала «Культура» Беларускага радыё. «Агульная дыктоўка» будзе транслявацца ў прамым эфіры радыёканала (102,9 FM у Менску, 88,5 FM у Берасці, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0FM у Гародні, 99,1 FM у Магілёве).

Усе тэксты ўдзельнікаў мерапрыемства ў Нацыянальнай бібліятэцы правераць прафесійныя філолагі, а выдатнікі атрымаюць адмысловыя прызы ад арганізатараў.

У ролі «настаўнікаў» на «Агульнай дыктоўцы» выступяць салісты гурта NaviBand. Выбар чытальнікаў невыпадковы: музычны бэнд першым у гісторыі Еўрабачання  выканаў кампазіцыю на беларускай мове, а цяпер працягвае выкарыстоўваць яе ў сваёй творчасці і зносінах з прыхільнікамі.

Сёлета спецыяльна для «Агульнай дыктоўкі» тэкст падрыхтаваў Андрусь Горват. Кнігі пісьменніка з’яўляюцца бестселерамі  сучаснай беларускай літаратуры, а п’еса па кнізе «Радзіва Прудок» ужо амаль год  з аншлагам праходзіць на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дарэчы, акцёры тэатра таксама падтрымалі акцыю і нават знялі невялікі ролік з запрашэннем прыняць удзел у дыктоўцы.

Аўтар – Андрусь Говат. Рэжысёр – Раман Падаляка. Ролі выконваюць: Юльяна Міхневіч, Святлана Анікей, Міхаіл Зуй, Раман Падаляка, Андрусь Горват. Аператар – Ксенія Васілеўкіна. Гукарэжысёр – Рыгор Голдберг.

Рэгістрацыя на мерапрыемства абавязковая. Трэба адзначыць, што зараз рэгістрацыя ажыццяўляецца толькі на завочны ўдзел (напісанне праз прамую радыё-трансляцыю). Вольных месцаў у Нацыянальнай бібліятэцы на дадзены момант няма.

Паводле прэс-рэлізу