Сербія знаёміцца з літаратурнай Беларуссю



Па выніках 51-х Міжнародных бялградскіх сустрэчаў пісьменнікаў выдадзены вялікі зборнік твораў, у які трапілі беларускія аўтары, у прыватнасці, паэтка з Піншчыны Марыя Кобец. Яна прадстаўляла Беларусь на сёлетнім міжнародным літаратурным форуме.

Паэтка ўжо працуе над творамі сербскіх калегаў, каб перакласці іх на беларускую мову і выдаць у Беларусі:

– Стасункі гэтыя дадуць плён, таму што зараз ужо ёсць дамоўленасць пра пераклады. Я ўжо пачала працаваць над перакладамі з сербскай мовы паэтычных твораў. Сербская мова вельмі блізкая да дыялектнай мовы нашай Піншчыны. Бачна, што сербскіх калегаў гэта цікавіць, і думаю, што надалей у нас будзе больш цеснае супрацоўніцтва.

Марыя Кобец адзначае, што сербскія літаратары зацікаўленыя ў прасоўванні беларушчыны на Балканы. Іх цікавіць не толькі беларускае слова, але і традыцыі, культура.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pinsknews.by