Школа, у якой вучаць маладых пісьменнікаў



Летась адбыўся трэці набор у школу маладога пісьменніка, якая працуе пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Школа дзейнічае як нефармальны адукацыйны праект, сертыфікат аб яе заканчэнні не замяняе дыплома афіцыйных навучальных устаноў. Але менавіта на занятках гэтай школы можна сустрэцца са славутымі беларускімі майстрамі прыгожага слова, кажа куратар школы маладога пісьмінніка Алена Казлова:

– Ужо праходзілі майстар-класы, прыходзілі да нас, напрыклад, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў, Віктар Казько, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая. С поспехам праходзяць майстар-класы. Я думаю, што гэта цікава не толькі нашым вучням, але і самім сталым пісьменнікам – пазнаёміцца з новым пакаленнем літаратараў.

У школу маладога пісьменніка прымаюцца пачынаючыя творцы ўзростам да 25 гадоў. Сярод выкладчыкаў школы – пісьменніцы Людміла Рублеўская і Наталка Бабіна,  дацэнт кафедры замежнай літаратуры філфака Беларускага дзяржанага ўніверсітэта Ганна Бутырчык.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя