Школьнікаў і настаўнікаў цікавіць гісторыя роднай зямлі



У Слонімскай раённай дзіцячай бібліятэцы школьнікі, настаўнікі і бібліятэкары сустрэліся са сваімі цікавымі землякамі – літаратарам і гісторыкам Сяргеем Чыгрыном і журналістам, краязнаўцам Ігарам Пракоф’евым.

Бібліятэкар Таццяна Сявец пазнаёміла прысутных з творчай дзейнасцю гасцей, паказала ўсім напісаныя кнігі і творы землякоў.

Сяргей Чыгрын распавёў пра сучасную беларускую кнігу, паказаў унікальныя выданні са сваёй прыватнай бібліятэкі, асабліва ўсіх зацікавалі мініяцюрныя кнігі і кнігі-малюткі, а таксама дзіцячыя кніжкі з рознымі малюнкамі і кніжкі на маленькіх колах. Сяргей Чыгрын таксама распавёў пра свае творчыя планы.

Ігар Пракоф’еў у апошні час шмат вандруе па Слонімшчыне і піша гістарычныя нарысы пра вёскі раёна і вуліцы Слоніма. Ужо напісана дзясяткі матэрыялаў. Журналіст і краязнавец распавёў шмат цікавых момантаў і эпізадоў са сваіх краязнаўчых вандровак па родным краі.

Госці адказалі на пытанні школьнікаў, пазнаёміліся з выставай, прысвечанай гісторыі слонімскай зямлі.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.