Школьны музей адзначыў юбілей свайго заснавальніка



У музеі Народнай славы СШ № 4 г. Слоніма слонімскія школьнікі, настаўнікі і краязнаўцы 19 лютага адзначылі 95-годдзе з дня нараджэння заслужанага работніка культуры Беларусі, педагога, гісторыка і краязнаўца, заснавальніка гэтага музея Аляксандра Жукоўскага. Цяпер музей Народнай славы ў СШ № 4 г. Слоніма носіць імя Аляксандра Жукоўскага.

Гэты музей Аляксандр Жукоўскі стварыў 50 гадоў таму. У СШ № 4 ён спачатку займаў увесь трэці паверх школы, а  цяпер музей месціцца ў асобным будынку, агульнай плошчай 300 кв.м. У фондах музея сёння захоўваецца звыш 6 тысяч унікальных экспанатаў, сабраных Аляксандрам Жукоўскім. Найбольш экспанатаў, прысвечаных Другой сусветнай вайне. Ёсць шмат дакументаў 1920-1930-х гадоў, скульптурныя партрэты, творы жывапісу вядомых беларускіх мастакоў, некаторыя адзінкі зброі, узнагароды, франтавыя пісьмы, фотаздымкі, альбомы і г.д.

Экспазіцыі школьнага музея сёння складаюцца з наступных раздзелаў. Гэта раздзелы — “Наш край у 1914-1920 гадах”, “Слонімшчына пад уладай Польшчы ў 1920-1939 гг.”, “Сацыяльныя ператварэнні на Слонімшчыне (1939-1941гг.)”, “Наш край у гады Другой сусветнай вайны”, “Слонімшчына сёння”, “Выпускнікі СШ №4”. Па ўсіх гэтых раздзелах, дзякуючы найперш Аляксандру Жукоўскаму, сабраны вельмі багатыя і цікавыя матэрыялы.

Аляксандр Жукоўскі нарадзіўся ў беларускай сям’і, якая, як і тысячы беларусаў, была эвакуяваная ў глыб Расіі. Сям’я Жукоўскіх апынулася аж у Арэнбургу, дзе іх напаткала вялікае гора. Там памерлі маці, два браты і сястра. Бацька Аляксандра Жукоўскага Сямён Мікалаевіч дамоў у родную вёску Ашнаравічы на Слонімшчыну вярнуўся з маленькім Сашам і са сваёй маці. Сашу Жукоўскаму тады было ўсяго 6 месяцаў. Але бацька хутка зноў ажаніўся і ў Сашы з гадамі з’явілася яшчэ 5 братоў і сясцёр.

Першым і галоўным настаўнікам Сашы Жукоўскага быў ягоны бацька — сельскі шавец, якога ў Ашнаравічах і ў навакольных вёсках добра ведалі як дасціпнага чалавека і выдатнага майстра. Ён вельмі хацеў, каб сын атрымаў адукацыю. Таму спачатку хлопчык скончыў сямікласную польскую школу ў вёсцы Дзераўная, а потым, параіўшыся са сваім настаўнікам Стэфанам Іванашкам, здаў уступныя экзамены ў польскую дзяржаўную гімназію імя Т. Касцюшкі № 922 у Слоніме. Паколькі плаціць за навучанне Жукоўскаму не было чым, Стэфан Іванашка дапамог яму за дзяржаўны кошт паступіць у гімназію № 5 Ю.Панятоўскага ў Варшаву. Туды і паехаў вучыцца беларускі юнак. Там правучыўся да пачатку Другой сусветнай вайны і ў канцы 1939 года вярнуўся ў Слонім. Калі вярнуўся на радзіму, паступіў у Першую беларускую сярэднюю школу, якую закончыў паскораным тэмпам, бо датэрмінова здаў усе экзамены.

Падчас вайны Аляксандр Жукоўскі жыў з бацькамі ў Ашнаравічах. Працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Дзераўная. Вайна вайной, а дзяцей вучыць трэба было. Што і рабіў малады беларускі настаўнік.

Пасля вайны ўсё сваё жыццё звязаў з педагогікай. Ён скончыў гістарычны факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага беларускага педагагічнага інстытута, працаваў загадчыкам Ашнаравіцкай пачатковай школы, потым Ёцавіцкай, Горкаўскай школ на Дзятлаўшчыне, намеснікам дырэктара і дырэктарам Вішаўскай школы, потым дырэктарам Чамяроўскай васьмігадовай школы на Слонімшчыне і г.д.

У вёсцы Чамяры напачатку 1960-х гадоў Аляксандр Жукоўскі пачаў збіраць першыя звесткі пра гісторыю роднага краю. А аднойчы ў школу ён запрасіў усіх вяскоўцаў і выступіў з дзіўнай па тых часах прапановай адкрыць у Чамярах музей. Некаторыя нават на смех яго паднялі: хіба няма больш важнай справы, чым музей…

Але Аляксандру Жукоўскаму ўдалося зацікавіць людзей і хутка ў Чамяроўскай школе адкрыўся краязнаўчы куток, а потым музей, які праз пэўны час стаў народным. На жаль, цяпер даўно ў Чамярах няма школы і слядоў не засталося ад таго музея. І куды ж падзеліся ўсе экспанаты?.. Старыя чамяроўцы пра гэта нічога не ведаюць.

У 1964 годзе Аляксандр Жукоўскі стаў працаваць настаўнікам гісторыі ў СШ №4 г. Слоніма. Але і тут ён займаўся не толькі педагогікай, але і краязнаўчай, музейнай справай. Створаны ім музей у СШ №4 г.Слоніма да сённяшніх дзён лічыцца адным з найлепшых школьных музеяў рэспублікі.  Выключная працавітасць, выдатная памяць, талент даследчыка, прынцыповасць, настойлівасць і неардынарнасць думкі дамагалі яму да апошніх дзён жыцця вясці пошукавыя і даследчыя працы па ўзнаўленню гераічнага мінулага Слонімшчыны.

Акрамя гэтага, Аляксандр Жукоўскі на працягу ўсяго свайго жыцця шмат пісаў і друкаваў сваіх артыкулаў па гісторыі, краязнаўству і педагогіцы. У 1971 годзе (другое выданне выйшла ў 1973 годзе) выдавецтва “Народная асвета” выпусціла ў свет ягоную кнігу “Школьны музей рэвалюцыйнай і баявой славы”, дзе аўтар абагульніў свой багаты вопыт па зборы матэрыялаў і арганізацыі школьнага музея, цікавара распавёў пра разнастайную працу юных краязнаўцаў, пра тое, як трэба выкарыстоўваць матэрыялы музея ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце ў школе і па-за школай. А ў 1990 годзе ў Гродне выйшла яго невялікая кніжачка “Назаві яго імем”, прысвечаная героям Другой сусветнай вайне.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара.