Шляхецкімі ваколіцамі Лідчыны і Шчучыншчыны



У Менску ў выдавецтве “Проф-Пресс” выйшла з друку кніжка Святланы Лугаўцовай “Шляхецкімі ваколіцамі: Белагруда – Тарнова – Лебяда – Мажэйкава – Мураванка – Вялікае Мажэйкава – Ішчална: дарожныя нататкі”.

Дарожныя нататкі „Шляхецкімі ваколіцамі” – гатовы маршрут, па якім можна выправіцца ў падарожжа па Лідчыне і Шчучыншчыне. На гэтым шляху чытачоў чакае гісторыя архітэктурных пярлін, цікавосткі пра іх уладароў, знаёмствы з помнікамі прыроды, парады, дзе паснедаць ці заначаваць, што купіць у мясцовых майстроў. Галоўнае ў кожнай вандроўцы – сустрэчы з людзьмі, стваральнікамі нашага мінулага і сучаснага. Яны жылі і жывуць на беларускай зямлі, любоў да якой вымалёўвае ў іх лёсах самыя нечаканыя ўзоры. Чым глыбей мы ведаем нашу гісторыю, тым больш спазнаём сябе, набліжаемся да адказаў на спрадвечныя пытанні: адкуль мы, хто мы, куды ідзём?..

Святлана Бельская, Беларускае Радыё Рацыя