Шосты выпуск навучэнцаў Школы маладога пісьменніка адбыўся ў Менску



Школа маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” працуе ўжо шэсць год. Сёлета выпрабанне крытыкай і дэдлайнамі прайшлі 13 таленавітых навучэнцаў — і зараз кожны з іх можа прэзентаваць тэксты, за якія, па іх словах, “не сорамна”.

Выпускны Школы прайшоў у прасторы “Тартак”. На ім маладыя пісьменнікі зачыталі ўрыўкі з сваіх апошніх твораў, падзякавалі выкладчыкам, арганізатарам і сакурснікам. Амаль усе адзначылі: галоўнае, што атрымліваеш у школе — гэта нават не веды і досвед, а сябры, з якімі можна абмяркоўваць кнігі і творчасць у любы час сутак.

“Віншую нашых шаноўных выпускнікоў з тым, што яны прайшлі гэты шлях да канца, сапраўды вытрымалі ўсе выпрабаванні на ім. Я рады, што ў нас ёсць Школа маладога пісьменніка і з ёй працуюць такія добрыя выкладчыкі. Шэсць гадоў таму, калі мы пачыналі, было шмат сумненняў — што навучыцца пісаць немагчыма, усе нашы класікі — самавукі. Але думаю, цяпер мы пераканаліся ў тым, што літаратурная праца мае свае законы, асаблівасці, і лепш іх ведаць напачатку, каб вучыцца на чужых памылках. Добра, што ў школе ёсць і другі курс, дзе студэнты ўжо працуюць над сваёй кнігай. Летась быў яго першы выпуск, па выніках выйшла шэсць добрых кніг. Што з вас атрымаецца — я не ведаю. Хутчэй за ўсё, вы застанецеся ў іншых прафесіях, але ж пісьменніцтва — гэта невылечная хвароба, таму вы будзеце зноў і зноў звяртацца да яе, забываючыся на іншую працу. У літаратуры няма абсалюту, ёсць толькі шлях — бясконцы, нялёгкі, але вельмі прыемны. Жадаю вам поспехаў на ім!” — звярнуўся да выпускнікоў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.

Выкладчыца Ганна Бутырчык парэкамендавала маладым пісьменнікам трымацца адно аднаго на гэтым шляху, каб не страціць матывацыю:

“Спадзяюся, вы збіраецеся не апошні раз. У межах школы вы навучыліся не толькі пісаць, але і быць чытачамі адно аднаго. Вы таленавітыя, засталося толькі развіваць талент”.

Наталля Паваляева адзначыла, што літаратура — адметны від мастацтва, таму што для яе стварэння не патрэбна нічога, акрамя галавы. Галоўны інструмент, які выкарыстоўваецца — мова, і ім трэба вучыцца карыстацца правільна.

 

На імпрэзе таксама выступіла каардынатарка Школы Алена Казлова. Яна нагадала, што лепшыя з выпускнікоў могуць трапіць і на другі курс, каб працаваць разам з куратарам над уласнай кнігай. Каб трапіць туды, трэба прайсці ўнутраны конкурсны адбор — звычайна набіраецца група з шасці чалавек.

Напрыканцы афіцыйнай часткі Барыс Пятровіч уручыў выпускнікам сертыфікаты і заклікаў дасылаць свае творы ў часопіс “Дзеяслоў”.

lit-bel.org