Што будзе са „Шталагам 352” у Масюкоўшчыне?
У сталічнай Масюкоўшчыне захаваўся адзіны ў Беларусі комплекс будынкаў былога лагера для ваеннапалонных „Шталаг 352”.
Пра яго сённяшні стан распавядае актывіст грамадскай ініцыятывы „Зберажом Масюкоўшчыну” Арцём Бабоўнікаў:
– Тое, што мы зараз тут бачым – нейкае ігнараванне. Будынкі знаходзяцца пад пагрозай зносу. Статус іх не вызначаны. Будынак лазарэту ўжо падвяргаўся нападам вандалаў. Тут былі дзіўныя падпалы, кансервацыі ніякай не адбываецца. Мы пісалі ў выканкам, атрымлівалі адказ, што яны збіраюцца гэта захоўваць, але зараз тэрыторыя вельмі занядбаная, актывісты ў нас самі клеяць інфармацыйныя плакаты, каб хоць неяк спыніць пэўны вандалізм.
Адзін з сямі ацалелых будынкаў быў знесены мінулай восенню. Актывістам удалося ўратаваць ад вывазу на сметнік толькі частку драўляных бэлек, на якіх палонныя выразалі свае прозвішчы і даты нараджэння. Усяго ў канцлагеры загінулі і былі закатаваныя больш за 80 000 вязняў.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск