Што дасць творцам Год культуры?
Гомельскія творцы не адчуваюць пазітыўных змяненняў у звязку з абвешчаным дзяржавай Годам культуры. Старшыня Гомельскай філіі СБП Анатоль Бароўскі заўважае, што для яго ўвогуле незразумелы сэнс абвяшчэння Года культуры.
— Год культуры. Ён чытаецца і на расейскай мове: «культуры» і на беларускай. Дык культуры чаго? Мовы? Паводзінаў міліцыянтаў са сваім народам? Культуры маўлення кожнага чалавека на вуліцы або пры размове? Чаго культура? — ніяк я сваім розумам не магу дапетрыць.
Гомельскі бард Андрэй Мельнікаў лічыць добрым знакам звяртанне ўвагі дзяржавы на праблемы культуры. Але выканаўца сумняваецца, што стаўленне чыноўнікаў да ягонай творчасці неяк зменіцца.
— Я ўжо 26 гадоў звязаны з палітыкай, бо так склалася, што мае сябры ў беларускай культуры былі і палітыкамі. За гэта я трапіў у чорныя спісы і нейкія пляцоўкі для мяне проста перакрыты, прынамсі на Гомелі і Воршы перакрытыя магчымасці выступаць.
2016-ты год у Беларусі, згодна пастанове кіраўніка дзяржавы, абвешчаны Годам культуры. Сёлета, як рапартуюць чыноўнікі з Міністэрства культуры, асаблівая ўвага будзе нададзена юбілейным датам і патрыятычным мерапрыемствам.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
