„Сказы” паэта з Дзярэчына



Напрыканцы адыходзячага 2019 года ў гарадзенскім выдавецтве “ЮрСаПрынт” свет пабачыла мініяцюрная кніжка “Сказы-100” літаратара з вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна Генадзя Коўша. Кніжка паэта з Дзярэчына своеасаблівая. Яна складаецца з высноў і філасофскіх разважанняў.

Пра сваю кніжку Генадзь Коўш сказаў наступнае: “У кніжцы я прапаную свае разважанні, думкі, высновы ў выглядзе сказаў. Спадзяюся, што можа хтосьці знойдзе ў іх для сябе нейкую падказку”. Дык што гэта за сказы такія? Вось некалькі з іх:

Рэха без душы, але заўсёды адгукнецца. Сузор’е не слепіць, а зачароўвае. Нябачная сцяна таксама мае падмурак. Праз абабіты парог ўсяроўна пераступаюць. І ўсё ж Сусвет мы абмежавалі словам. Сапраўднае багацце вызначаецца багаццем бедных… і г.д.

Вясковец Генадзь Коўш займаецца фермерствам. А ў вольны час – літаратурай. З-пад яго пяра выйшлі кнігі “Высновы літвіна”, “Кружныя шляхі”, “Вершадумкі” і іншыя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара