Скульптару Івану Міско – 90



Сёння, 22 лютага, спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння таленавітага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і іншых шматлікіх прэмій Івану Міско.

Нарадзіўся Іван Міско ў 1932 годзе ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна ў сям’і лесніка. Маляваў, колькі сябе памятае, як толькі бацькі сыходзілі з дому, ён даставаў з печы вугаль і размалёўваў ім печ. Маці забельвала, а ён тварыў новыя „шэдэўры”.

У Менскае мастацкае вучылішча ён паступіў без ваганняў, праўда, спачатку на аддзяленне жывапісу, а заканчваў ужо скульптурнае. Пазней закончыў таксама Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

З-пад рукі Івана Міско выйшла безліч скульптур, хаця асноўная тэма вылучаецца вельмі яскрава – касмічная. Захапіўся космасам Іван Міско ў год, калі не стала Юрыя Гагарына, ляпіць скульптуру якога пачаў адразу, калі пачуў страшную вестку. Скульптура была пашкоджана падчас пажару, але Іван Міско аднавіў і яе, і распачаў цэлую серыю скульптур касманаўтаў.

Свае працы скульптар таксама прысвячаў дзеячам мастацтва, палітыкам і навукоўцам. Ён з’яўляецца аўтарам помнікаў Фёдару Мадораву, Яўгену Цікоцкаму, Рыгору Шырму, Андрэю Пракапчуку, Фёдару Фёдараву, Льву Сапегу і іншым асобам.

Дзякуючы Івану Міско з’явіліся помнікі Ігнату Буйніцкаму (1976; вёска Празарокі, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласьць), Івану Кабушкіну (1973; Баранавічы, Берасцейская вобласць), надмагілле Леаніда Бяды (1979; Усходнія могілкі, Менск), Максіму Горкаму (1981; Цэнтральны дзіцячы парк, Менск). Ён адзін з аўтараў манумента ў гонар маці-патрыёткі (1975; Жодзіна, Менская вобласць), адзін з аўтараў помніка Максіму Танку ў Мядзеле і г.д. Цяпер Іван Міско са сваімі сябрамі-скульптарамі рыхтуе помнік Якубу Коласа, які будзе пастаўлены ў Стоўбцах.

Сёння Іван Міско па-ранейшаму поўны планаў і задум, таму марыць толькі пра адно  — паспець іх ажыццявіць .З юбілеем вас, Іван Якімавіч!

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]