Слонімскаму паэту і журналісту Міколу Канановічу – 50



13 сакавіка слонімскі паэт, празаік і журналіст, намеснік галоўнага рэдактара “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч адзначае свой паўвекавы юбілей. З самай раніцы яго шчыра віншуюць калегі-журналісты, сябры і землякі.

Мікола Канановіч нарадзіўся на Слонімшчыне ў вёсцы Вострава. Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта вярнуўся ў родны горад. Шэсць гадоў выкладаў беларускую мову і літаратуру ў СШ № 8 г.Слоніма. А з восені 1998 года працуе ў рэдакцыі “Газеты Слонімскай”. З’яўляецца сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Друкавацца пачаў у пачатку 1990-х гадоў. Творы яго з’яўляліся ў літаратурных часопісах “Першацвет”, “Маладосць”, “Крыніца”, “Роднае слова”, “Правінцыя” і іншых перыядычных выданнях. Адзін з аўтараў калектыўных зборнікаў паэзіі “Квадра” (1990), “Анталогія маладога верша” (2001), “Верш на свабоду” (2002), “Галасы” (2003, 2005). Укладальнік і рэдактар зборніка “Паэтычная Слонімшчына” (2000) і двух выпускаў літаратурнага альманаха “Ад Я да Я” (2001, 2003) падлеткавага клуба “Святліца”, які дзейнічаў у Слоніме пры грамадскім аб’яднанні “Воля да развіцця”.

У 2003 годзе ў Менску свет пабачыў яго першы паэтычны зборнік “І доўжыцца ноч…”, куды ўвайшлі вершы розных гадоў. Гэта вершы-роздумы пра наша няпростае жыццё, а таксама філасофскія радкі пра чалавечыя ўзаемаадносіны і каханне. Напісана яшчэ некалькі кніг вершаў і прозы, якія чакаюць свайго выдаўца.

У адным з вершаў слонімскі паэт пісаў:

Гэта проста – выйсці Млечным Шляхам, Калі ўсе ўжо сходжаны шляхі, Адпусціць душу у неба птахам, На зямлі пажыўшы ад душы.

Дарагі Мікола! Далёка яшчэ не ўсе твае сходжаны шляхі, таму адпускаць душу птахам вельмі рана. Жыві на слонімскай зямлі яшчэ доўга і радуй нас сваімі творчымі знаходкамі і шчырымі вершамі.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім