Слонімскі ідал



Некалі нашы продкі пакланяліся язычніцкім ідалам. Адзін з такіх ідалаў захоўваецца ў Слонімскім краязнаўчым музеі.

Слонімскі ідал быў знойдзены пры пракладцы новай вуліцы на ўскрайку Слоніма на глыбіні 0,5 метра ў 1934 годзе, па іншай інфармацыі ў 1937 годзе. Ён зроблены з валуна чырвона-шэрага колеру ў выглядзе мужчынскага торса без рук. Вышыня ідала складае 46 см, шырыня 22 см, таўшчыня 15 см. Фігура рэльефная з усіх бакоў. Твар даволі плоскі з завостранай бародкай, але без вусаў, і шырокім носам з гарбінкай, добра абазначана шыя, выразна пракрэслены вочы і рот. Ніз скульптуры клінападобны, відаць, таму, што яе ўстаўлялі ў спецыяльны пастамент.

Слонімскі ідал мае аналагі з паганскімі скульптурамі балтаў. Гэта вельмі каштоўны ідал. Яго да сённяшніх дзён вывучаюць археолагі, выказваючы розныя думкі і меркаванні. Некаторыя лічаць, што слонімскі ідал адносіцца да I-га тысячагоддзя.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім