Слонімскія габелены Агінскага можна ўбачыць у Кракаве



Да 31 снежня ў Каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве беларусы яшчэ змогуць пабачыць 7 слонімскіх габеленаў Агінскага з 12, якія ўпрыгожвалі “Залу багінь” палаца Агінскага ў Слоніме ў другой палове XVIII стагоддзя.

Гетман Вялікага Княства Літоўскага Міхал Казімір Агінскі ў свой час марыў стварыць ва ўласнай слонімскай рэзідэнцыі мініяцюрную копію Версаля. У садовым павільёне, які называўся “Залай багінь”, было 12 габеленаў па 3 метры ў вышыню кожны. А таксама скульптуры тых, хто быў адлюстраваны на габеленах. А гэта Леда – каралева Спарты, рымская багіня Флора і г.д.

Час і войны знішчылі палац Агінскіх у Слоніме. А праз два гады пасля смерці Агінскага, у 1802 годзе слонімскія габелены разам з іншымі рэчамі Агінскага былі выстаўлены ў Варшаве на аўкцыёне. Іх набыў Войцех Пуслоўскі (1762-1833). Так слонімскія габелены трапілі ў сям’ю Пуслоўскіх. З тых 12 габеленаў захавалася толькі 7. Два апошнія габелены “Флора” і “Леда” трапілі ў Кракаў з Вашынгтона.

Да выставы слонімскіх габеленаў Агінскіх у Кракаве выдадзены шыкоўны каталог на польскай і ангельскай мовах “Gobeliny Ogińskich ze Słonimia”. У ім адлюстраваны фотаздымкі габеленаў, апісаны іх лёс і сам палац Агінскага ў Слоніме.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Кракаў