Слонімцы сабралі больш за 300 подпісаў у падтрымку палаца Пуслоўскіх



За тыдзень сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл сабралі 324 подпісы пад калектыўным зваротам “Выратуем палац Пуслоўскіх у Альбярціне”.

Намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Мінолс” Віктар Марчык адаслаў звароты ў Слонімскі райвыканкам, Гарадзенскі аблвыканкам і Міністэрства культуры Беларусі. У звароце паведамляецца, што мы, жыхары Слоніма і Слонімскага раёна, звяртаемся да вас з просьбай прыняць неабходныя меры дзеля ўратавання архітэктурнага помніка першай паловы XIX стагоддзя – палаца Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін горада Слоніма.

Дзякуючы Войцеху Пуслоўскаму ў першай палове XIX стагоддзя ў маёнтку Альбярцін былі пабудаваны палац, флігель, стайня, закладзены парк, адкрыта шмат прадпрыемстваў. Асаблівую каштоўнасць сёння маюць сам палац Пуслоўскіх і флігель. Галоўны ўваход палаца аформлены скульптурамі ляжачых львоў — дэкаратыўны элемент архітэктуры класіцызму першай паловы XIX стагоддзя. Аўтарам гэтых львоў быў вялікі італьянскі скульптар Антоніо Канова (1757-1822). Той скульптар, імя якога Папа Пій VII загадаў упісаць у Залатую кнігу Капітолія і надаў яму тытул маркіза д’Іскіа. Самыя вялікія яго працы цяпер знаходзяцца ў парыжскім Луўры і ў пецярбургскім Эрмітажы. Відаць, Антоніо Канова быў добра знаёмы яшчэ з Войцехам Пуслоўскім, па просьбе якога былі зроблены гэтыя шыкоўныя скульптуры. Яшчэ два венецыянскіх львы стаялі каля ўваходу на тэрасу. Але яны да сённяшніх дзён у Альбярціне не зберагліся. А гэтыя два львы, якія захаваліся да сённяшніх дзён у Альбярціне, тэрмінова патрабуюць дапамогі. Яны моцна пашкоджаны і іх трэба рэстаўраваць, бо калі гэта не будзе зроблена – славутыя помнікі-львы проста рассыплюцца, як пясок.

Тэрміновай дапамогі патрабуе і сам палац Пуслоўскіх, як фасад будынку, так і інтэр’ер памяшкання. Тое самае можна сказаць і пра флігель Пуслоўскіх, які знаходзіцца побач з палацам.

“Просім вас знайсці і выдаткаваць сродкі на тое, каб захаваць гэтыя прыгожыя помнікі ў старажытным Слоніме. Тым больш, што ў 2019 годзе ў горадзе над Шчарай адбудзецца рэспубліканскае свята беларускага пісьменства і друку”, — паведамляецца ў звароце жыхароў Слоніма.

Цяпер слонімцы чакаюць афіцыйных адказаў і спадзяюцца, што чыноўнікі звернуць увагу на сённяшні стан палаца Пуслоўскіх у Слоніме.

[Not a valid template]

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара