Спачатку Бацькаўшчына, а пасля літаратура



Удзельнікі аб’яднання літаратараў Тутэйшыя сабраліся ў залі менскага Палаца Мастацтваў, каб адзначыць трыццацігоддзе славутага згуртавання моладзі.

dsc_0076-3

Гэты рух ад канца васьмідзясятых гадоў аказваў моцны ўплыў на палітычнае, мастацкае ды грамадскае жыццё Беларусі.

Былы старшыня таварыства Алесь Бяляцкі зазначыў, што аб’яднанне Тутэйшыя было адным з найбольш важных рэчаў у яго жыцці, бо ўдзельнікі найперш распачыналі дэмакратычны моладзевы рух у краіне :

Мы ўпарта спрабавалі сказаць новае слова ў беларускай літаратуры і ў беларускім грамадскім жыцці. І ў літаратуры мы, можна сказаць, убілі апошні цвік у труну сацыялістычнага рэалізму, як мастацкага метаду, бо фактычна ніхто з «тутэйшых» не пісаў вершаў ні пра Леніна, ні пра кастрычніцкую рэвалюцыю. Мы пісалі вершы пра Пагоню, пра Скарыну, пра Уладзіміра Караткевіча. У нас былі нацыянальныя матывы на першым месцы.

Падчас урачыстай імпрэзы гучалі песні на творы Анатоля Сыса, які стаяў ля вытокаў Тутэйшых, а таксама вершы шматлікіх удзельнікаў аб’яднання.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя