Анлайн-пастаноўка «Radziva Prudok» – прэм’ера 25 снежня



Незалежная тэатральная група «Купалаўцы», якая праводзіць другі сезон ужо пераважна анлайн – запрашае на чарговы спектакль – «Radziva Prudok» паводле кнігі Андруся Горвата. Гэта своеасаблівы падарунак на Каляды – 25 снежня.

Сам спектакль з’явіўся на малой купалаўскай сцэне у пачатку 2018 году і стаў вельмі папулярным у беларускай сталіцы. Цяпер яго анлайн-версія з любімымі акторамі для больш шырокага кола гледачоў. Расказала акторка-купалаўка Крысціна Дробыш:

– Акцёрскі склад той жа, бо ён не замяняльны. Называй яго легендарным акцёрскім складам, бо гэта той склад, які прайшоў гэту палесскую гісторыю. Які пазнаёміўся з прататыпамі тых людзей, якія ёсць у Прудку. Ён створыны супольна акцёрска-рэжысёрскі. Мне здаецца, што там ёсць яшчэ сацыятыўна некія моманты, калі людзі прыходзяць паглядзець на Дзіму Есяневіча, на Свету Анікей… Гэта немагчыма змяніць.

Ролі ў анлайн-пастаноўцы «Radziva Prudok» выканаюць тыя ж акторы, што і на менскіх паказах: Святлана Анікей, Дзьмітры Есяневіч, Міхаіл Зуй. Паглядзець спектакль можна 25 снежня а 19-й гадзіне паводле беларускага часу на YouTube-канале «Купалаўцы».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя