Спектакль здзівіў бы і Шарля Перо



У Слонімскім драматычным тэатры пастаўлены новы цудоўны спектакль для дзяцей Сяргея Астраханцава “Чырвоны Каптурык” па матывах Шарля Перо. Спектакль паставіў галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец.

Падзеі ў спектаклі адбываюцца ў чарадзейным лесе. Менавіта там усім вядомая дзяўчынка ў чырвоным каптурыку са сваёй вясёлай песенькай крочыць да бабулі ў госці. Дзяўчынка нясе ёй смачныя піражкі.

Згодна класічнаму жанру, па дарозе ёй павінен сустрэцца шэры воўк. І па традыцыі – з’есці бабульку і дачакацца сваёй юнай ахвяры. Але ў спектаклі зусім па-іншаму складваюцца падзеі, якія здзівілі б нават самога Шарля Перо.

Гледачы на сцэне ўбачаць таксама лірыка-дрывасека, які павінен выратаваць Чырвонага Каптурыка, але рамантыку-лесарубу смеласць зусім незнаёмая. Таму дзяўчынцы прыходзіцца браць усё ў свае рукі і ратаваць усіх. Ёй таксама дапамагае і шэры воўк…

А разынкай пастаноўкі з’яўляецца – інтэрактыўнасць. Бо дзеці і дарослыя будуць з’яўляцца не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі розных каламбурных баталій.

З новай дзіцячай пастаноўкай “Чырвоны Каптурык” найперш пазнаёмяцца юныя і дарослыя гледачы Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара