„Спеўны сход” у Віцебску: каб прыйшла вясна і не забываліся традыцыі



У абласным цэнтры “Спеўныя сходы” праводзяць ужо не першы год. Пачалося ўсё з ідэі спевака Сяргея Доўгушава, ініцыятыву якога падхапіла віцяблянка Марына Булатоўская. Для яе чарговы “Спеўны сход”, стаў ўжо 5-тым, дзе яна кіравала імправізаваным хорам аматараў народных песень.

“Спеўныя сходы” – заўжды тэматычныя. І гэты, што прайшоў у апошнюю суботу сакавіка, быў вясновы, распавяла Марына Булатоўская:

– Мы спрабавалі запрасіць у Віцебск вясну, каб яна нарэшце ў нас замацавалася! І спявалі загукальныя песні. У гэтым нам дапамагаў спецыяльны госць – неверагодны, непаўторны музыка Алег Хаменка, лідар гурту “Палац”, радыёвядоўца, прадусар, незвычайны чалавек, якога паслухаць і пазнавальна, і прыемна, і карысна. Хаменку падпявалі, спявалі разам з ім, і нават карагоды вадзілі.

Алег Хаменка, які часта наведвае “Спеўныя сходы” у розных гарадах, лічыць калектыўныя спевы важным складнікам этнічнай і нацыянальнай самасвядомасці беларусаў:

– Спеўная культура – агульнаеўрапейская. Гэта ж абавязковая рэч ці то на вяселлі, ці то ў храме, ці то на пахаванні. Тыя, хто імкнуцца прыйсці, каб проста паспяваць разам – гэта вызначэнне таго, што людзі хочуць “людзьмі звацца” і быць у кантэксце агульнаеўрапейскай культуры. Хтосьці сказаў, што на пачатку было не проста слова, а спеўнае слова. Гэта ж вібрацыя чалавека. А калі ён адчувае яшчэ і сувібрацыю з чалавекам, які побач, вось тады і пачынаецца Сусвет.

“Спеўныя сходы” ў Віцебску запатрабаваныя: на іх штораз збіраецца да сотні чалавек. Гэтыя людзі і насамрэч не толькі спяваюць разам: тут яны знаёмяцца, прыктыкуюцца ў беларускай мове, якую не часта пачуеш у горадзе, а потым працягваюць сяброўства ў іншых супольных справах.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

[manual_related_posts]