SPRAVA, якая адраджае вёску і людзей



У невялікай вёсцы Белая Царква на Віцебшчыне праходзіць фэст, на якім колькасць гасцей у 100 разоў перавышае колькасць мясцовага насельніцтва.

Фэст называецца SPRAVA, ён адбываецца на паўвыспе, дзе стаіць паўразбураная царква 16-га стагоддзя, якая і дала назоў населенаму пункту. Гістарычны помнік з’яўляецца не толькі архітэктурнай дамінантай: менавіта вакол яго і адбываюцца падзеі фэсту, які тры гады таму пачалі ладзіць менскі рэжысёр Мацвей Сабураў і ягоная жонка Кацярына Аверкава.

Асаблівасць фэсту SPRAVA ў тым, што кожны наведнік можа знайсці сабе цікавы занятак або забаву. Менавіта разнастайнасць і ўражвае гасцей:

– Насамрэч, тут вельмі цікава: інфраструктура, якая тут ёсць, якую зрабілі архітэктары і дызайнеры. Гэта розныя цікавыя штукі, вежа па назіранні за птушкамі…

– Тут увогуле класна, і месца такое незвычайнае ! І такая насычанасць праграмы – тут і рок, і фольк, і ёдлі спяваць вучаць. І ўсё гэта адначасова, усё кіпіць, віруе!

– Ходзіш, і нібыта ты не ў Віцебскай вобласці, а недзе ў Еўропе, на такім класным нефармальным фестывалі. Гэта супер!

На фэсце працуюць харчовыя кропкі, наладжана забеспячэнне пітной вадой, абсталяваны намётавы гарадок, сцэна, месца для купання. Добрую арганізацыю фэсту падтрымліваюць некалькі дзясяткаў валанцёраў. Цягам трох дзён – – з 2-га па 4-га жніўня — SPRAVA гарантуе гасцям добры настрой і цікавую праграму – канцэрты, лекцыі, літаратурныя чытанні, спартовыя заняткі, майстар-класы ды іншыя імпрэзы.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя