Стайня Пуслоўскіх у Слоніме прададзена за 67 тысяч даляраў



Будынак былой стайні Пуслоўскіх у мікрараёне Альбярцін Слоніма быў выстаўлены на аўкцыён. І нядаўна знайшоўся пакупнік, які выкупіў былую стайню Пуслоўскіх крыху больш за 67 тысяч даляраў. Хто выкупіў стайню і што там будзе знаходзіцца – пакуль невядома.

Стайня – помнік гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Яна ўваходзіць у комплекс сядзібы Пуслоўскіх у Альбярціне. Стайня, як і сам палац, флігель, шэраг прадпрыемстваў былі пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Тады ў Альбярціне побач быў закладзены і вялікі парк з рэдкімі пародамі дрэў.

Пасля Другой сусветнай вайны палац і стайня Пуслоўскіх належалі Слонімскаму кардонна-папяроваму заводу. Потым у стайні зрабілі моладзевы цэнтр адпачынку, а ў апошні час – стайня пуставала.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара