Станіслаў Суднік: Беларускую мову за нас ніхто не абароніць



Паводле СМІ Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь 8 лістапада 2021 года на пасяджэнні, якое ішло ажно пару гадзін, ліквідаваў грамадскае аб’яднанне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Таварыства беларускай мовы існавала з 1989 года. Сярод яго заснавальнікаў у той час былі Саюз беларускіх пісьменнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія Навук, Белтэлерадыёкампанія. На рахунку ТБМ – грандыёзны нацыянальны чын у абарону беларускай мовы, беларускай нацыі, беларускай дзяржавы, які доўжыўся больш за 30 гадоў. На рахунку сяброў ТБМ – мільёны тэкстаў, якія ляжаць у фундаменце нашай нацыянальнай ментальнасці, на рахунку ТБМ – тысячы ініцыятыў, якія змянілі твар нашай краіны і шмат-шмат чаго іншага. Ліквідацыю ТБМ каментуе намеснік кіраўніка ТБМ Станіслаў Суднік. Ён, у прыватнасці, сказаў:

Наша сумленне чыстае, мы зрабілі ўсё, што было ў нашых сілах. І ад роднай мовы адмаўляцца мы не збіраемся, – напісала ў фэйсбуку старшыня ТБМ Алена Анісім тады, калі пра пасяджэнне толькі стала вядома. Прыгавор Вярхоўнага суда ТБМ на рукі пакуль Алена Анісім не атрымала. Але ўжо з 5 лістапада Сакратарыят ТБМ закрыў установу інфармацыі “Выдавецкі дом ТБМ”. Следам будуць закрывацца газеты „Наша слова” і „Новы час”. Закрываецца часопіс “Лідскі летапісец”. Ужо няма каму выдаваць “Нясвіжскія каеты” і шэсць літаратурных альманахаў. Што будзем рабіць? Будзем памятаць, што беларускую мову без нас ніхто не абароніць, без кожнага з нас. Нас чакае вялікі пералом у нашай дзейнасці.

Перш-наперш, Таварыства беларускай мовы мае запазычанасць у больш як 2 тысячы рублёў за арэнду сядзібы. Гэтую запазычанасць трэба выплаціць. Неабходна эвакуяваць сядзібу, прынамсі, вывезці дакументацыю, архівы. Трэба прыдумаць, што рабіць з мэбляю.

Неабходна не дапусціць паняверкі і “песняў жальбы”. ТБМ закрылі, аўтаматычна закрыліся абласныя, раённыя і гарадскія арганізацыі і суполкі. Але пакуль не закрылі ўсіх, хто размаўляе па-беларуску, не закрылі тых, хто любіць беларускую мову, не закрылі і саму мову.

Будзе цяжэй, будзе вельмі цяжка, але ход цывілізацыі не адмяніць. Унітарная беларуская дзяржава не абыдзецца без беларускай мовы. Таму, шаноўныя сябры, сачыце за інфармацыяй. Будзе ісці перагрупоўка сілаў, і Беларусь чакае кожнага з нас у шэрагі сваіх абаронцаў.

Беларускае Радыё Рацыя