Старое нямое кіно ў Гародні на фэсце „Кінемо”
Адмысловы фэст нямога кіно „Кінемо” адбываецца ў Гародні 5-7 ліпеня. Паказы старых фільмаў з агучкай тапёраў адбываюцца ў дворыку Музея рэлігіі ў вечаровы час.
Пра асаблівасці сёлетняга фэсту распавядае арганізатарка „Кінемо” ў Гародні Марына Буткевіч:
– Увесь час былі польскія ды нямецкія стужкі, а ў гэтым годзе ўкраінскі вельмі рэдкі фільм дзіцячы – што асабліва адметна. Раней толькі дарослыя стужкі, камедыі, меладрамы, а вось дзіцячых фільмаў, у якіх тым больш здымаліся сапраўдныя дзеці-беспрытульнікі, не было. Гэта сацыяльнае кіно, 1920-я гады.
Агучваць адзін з фільмаў на фэсце запрошана кампазітарка з Польшчы Аляксандра Хмелеўска:
– Мне прыемна агучваць і ў фрагментах таксама імправізаваць да стужкі „Die Bergkatze” 1921 года. Мая музыка крышачку стылізавана пад тую эпоху. Стужка гратэскавая, пастараюся, каб музыка крышачку была ў кантрасце да таго вобразу. Музыка досыць класічная. Гэта для мяне вельмі цікавы выклік.
На фэсце сёлета таксама пакажуць фільмы “Гісторыя палцінніка” 1929 года, „Горная котка” 1921, а таксма “Кінааператар” 1928 года. Паказы ў Гародні адбываюцца пры падтрымцы Генеральнага консульства Рэспублікі Польша.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня