Стартаваў тэлепраект „100 імёнаў Беларусі”



Новы праект ад студыі гістарычных фільмаў „Майстэрня Уладзіміра Бокуна” можна назваць працягам цыкла „Зваротны адлік”.

Аўтары абяцаюць распавесці пра беларусаў, вартых асобнай старонкі ў гісторыі: мастакоў, пісьменнікаў, навукоўцаў, палітыкаў, рэвалюцыянераў ды вайскоўцаў.

„Цяпер зірнуць на гісторыю можна вачамі тых, хто яе вяршыў. Але не ў стылі „нарадзіўся, жыў, памёр”, — адзначаюць аўтары.

Ужо выйшлі фільмы, прысвечаныя навукоўцу Якубу Наркевічу-Ёдку, легендарнаму канструктару часоў Рэчы Паспалітай Казіміру Семяновічу і разведчыку-дыверсанту Кірылу Арлоўскаму.

Праект „100 імёнаў Беларусі” выходзіць на АНТ. Пакуль што нерэгулярна: як толькі заканчваецца праца над новым выпускам, яго адразу ж пускаюць у эфір, зазначылі ў прэс-службе канала. Фільмы фінансуюцца з некалькіх крыніц, іх стваральнікі актыўна шукаюць сродкі. Фактычна, ад гэтага залежыць, ці раскрые праект усе 100 імёнаў.