“Стары Гродна” – выстава ў  галерэі “Тызенгауз”



Некалькі дзясяткаў выяваў старой Гародні: касцёлы і цэрквы, замак і пажарная вежа.

У галерэі “Тызенгауз” адкрылася першая персанальная выстава маладых мастакоў Анджэя Трубіцкага і Аляксея Навумчыка, што мае назву “Стары Гродна”.

Пра свае працы кажа Анджэй Трубіцкі:

– Я нарадзіўся  ў Гародні. Гэта мой любімы горад. Я тут рос. І калі ў дзяцінстве гуляў, у мяне было вялікае ўражанне ад Фарнага касцёла і ад усёй гарадзенскай архітэктуры. Тады не хапала прафесіяналізму, каб усё гэта на палатне зрабіць. І вось з часам, калі ўжо закончыў акадэмію, з’явіліся навыкі. Я вельмі люблю старую Гародню.

На думку мастацтвазнаўцы Марыны Загідулінай, такая выстава – спосаб паказаць прыгажосць адметнага беларускага горада:

– Старыя выявы Гародні, асабліва помнікі сакральныя, пісалі многія пакаленні мастакоў, пачынаючы яшчэ са старажытнасці. Мы іх можам убачыць нават на знакамітай гравюры Адэльгаўзера-Цюндта. Ну а мастакі маладыя дастаткова рэалістычна адлюстравалі гэтыя помнікі. Але ўсё ж такі ўнеслі нейкі свой погляд, сваю шчырасць, сваю цеплыню, сваю экспрэсію – вось гэты погляд на свет нашай Гародні.

Убачыць прыгажосць старых вулак Гародні можна на карцінах  цягам бліжэйшых двух тыдняў.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня