Стаянку палескіх партызан рэканструявалі ў Іванаўскім раёне



У Іванаўскім раёне рэканструявалі стаянку штаба Пінскай партызанскай брыгады ва ўрочышчы Красіна, паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Рыгор Сыса.

Штаб Пінскай партызанскай брыгады размяшчаўся ў атрадзе імя Арджанікідзэ непадалёк ад вёскі Махро. Некалькі гадоў таму стаянку вырашылі рэканструяваць. У выніку атрымалася стварыць адначасова помнік і музей пад адкрытым небам. «Ёсць дастаткова матэрыялаў пра гісторыю партызанскага руху на гэтых землях. Хочам расказаць пра гэта жыхарам нашага раёна і гасцям. Пры стварэнні аб’екта супрацоўнічалі з Драгічынскім ваенна-гістарычным музеем. Можна праводзіць экскурсіі пасля наведвання музея на месцы, дзе непасрэдна дыслакаваліся атрад і штаб брыгады», — выказаў меркаванне Рыгор Сыса.

Падчас працы над экспазіцыяй былі рэканструяваны жылыя зямлянкі, зямлянкі штаба і разведкі, санчастцы, траншэі з бліндажамі. Адноўлены лясная школа і партызанская кухня. Зрубамі ўмоўна паказана, дзе размяшчаліся студні.

Адкрыццё экспазіцыі намечана на 6 чэрвеня. Можна будзе акунуцца ў атмасферу быту партызанскага атрада, у гэтым дапамогуць ваенна-гістарычныя рэканструктары з Берасця і Бярозы. Лагер будзе адкрыты для наведвання і ў іншыя дні.

zviazda.by