Сцяг Жыровіцкай школы ўнесены ў рэестр помнікаў Польшчы



Свет пабачыў сакавіцкі нумар краязнаўчага электроннага выдання “Слонімскі край”, які рэдагуе гісторык Сяргей Ёрш.

Выданне па-ранейшаму застаецца чытэльным і разнастайным для тых, хто цікавіцца нашай гісторыяй.

Летась восенню ў польскіх СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што ў Падляшскім ваяводстве ў рэестр помнікаў унесены сцяг дзяржаўнай сельскагаспадарчай і лясной школы ў Жыровічах, якая дзейнічала на Слонімшчыне ў 1924-1939 гадах. З такой ініцыятывай выступіў яго цяперашні ўласнік – лясная тэхнічная вучэльня ў Белавежы. І культурная каштоўнасць сцяга была прызнаная. Сёння ён знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Цяпер сцяг захоўваецца ў Белавежскім касцёле. Пра гісторыю сцяга Жыровіцкай лясной школы чытачы даведаюцца са “Слонімскага краю”.

Электроннае выданне публікуе і шмат іншых матэрыялаў, і рэдкіх здымкаў. Чытачы даведаюцца таксама пра лёс былой сланімчанкі Зосі Барткевіч – актывісткі польскай “Салідарнасці”, прачытаюць пра Слонімскую суконную фабрыку 1860 года, пра зуб маманта, які быў знойдзены на Слонімшчыне ў 1935 годзе, пра сям’ю Пеліканаў, адзін з якіх – Венцаслаў Пелікан, быў рэктарам Віленскага ўніверсітэта, пра лёс некаторых вучняў Чамяроўскай пачатковай школы 1920-х гадоў і шмат іншых каштоўных артыкулаў.

Свежы і ранейшыя нумары “Слонімскага краю” можна прачытаць тут.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя