Свежы нумар часопіса “Верасень” прыйшоў да чытачоў



З друку выйшаў свежы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень” (№ 18), які рэдагуе пісьменнік Эдуард Акулін.

Часопіс вельмі разнастайны на паэзію, прозу, інтэрв’ю і літаратурна-даследчыя творы. Чытачы з вялікай цікавасцю пазнаёмяцца з новымі паэтычнымі творамі вядомых паэтаў і малавядомых. А гэта вершы Яніны Пінчук, Яніны Асіпцовай, Марыі Магдалены Палхоўскай, Уладзіміра Круміна, Алеся Мацулевіча і Анатоля Брусевіча.  Друкуецца таксама ўрывак з паэмы „Бацька” Васіля Дэбіша.

Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай, Алеся Яшчанкі, Міколы Адама, Вячаслава Лапціка і Вінцэся Мудрова. А ў раздзеле “Пераклады” чытачы прачытаюць апавяданне сучаснай кітайскай пісьменніцы Цань Сюэ ў перакладзе на беларускую мову Алены Сцяпашкінай. 

Раздзел “Крытыка” адкрывае інтрыгуючае эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Янку Маўру. Шматграную творчую і выдавецкую дзейнасць Уладзіміра Сіўчыкава ў сваёй гутарцы з ім асвятляе Кацярына Шчасная. Новымі запісамі з нізкі „Эцюды і крэскі” дзеліцца Васіль Зуёнак. Друкуецца ўрывак з „Віленскага дзённіка” Раісы Крывальцэвіч. Адказ на пытанне „Чаго баяцца ўдзельнікі гурта „Тутэйшыя?” –  у гутарцы Эдуарда Акуліна з кіраўніком калектыву Таццянай Казановіч. Успамінамі аб „Чортавым балоце” вяртаецца ў гады дзяцінства Лявон Валасюк. Спробу „Прымірыць Візантыю з Рымам” робіць у сваім гістарычным нарысе Леанід Дранько-Майсюк. Пра Янку Купалу і беларускую эміграцыю ХХ стагоддзя распавядае артыкул Сяргея Чыгрына. У чарговы раз пра нашумелы раман Людмілы Шчэрбы „Урб@н.М: адзін дзень не майго жыцця” разважае ў сваёй рэцэнзіі Яна Будовіч. З рэцэнзіяй на дэбютную кнігу Аліны Длатоўскай „Ген зямлі” выступае Эдуард Дубянецкі. Гіпотэзай аб тым, што „анекдот ёсць індыкатарам нашага жыцця” дзеліцца з чытачамі пасля прачытання кнігі Сяргея Шапрана крытык Анатоль Трафімчык. Часопіс друкуе і шэраг іншых цікавых твораў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя