Свежы нумар „Слонімскага краю”



Выйшла з друку электронная версія лютаўскага нумара краязнаўчага бюлетэня «Слонімскі край». Бюлетэнь ужо год выдаюць слонімскія гісторыкі Васіль Герасімчык, Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын. Выйшла ўжо 12 нумароў.

У свежым нумары “Слонімскага краю” чытачы пазнаёмяцца з матэрыялам пра лексічны слоўнік вёскі Малая Кракотка, які збіраў вядомы беларускі фалькларыст Янка Саламевіч (1938-2012). Друкуюцца ўрывак з гэтага слоўніка.

Цікавымі матэрыяламі для тых, хто займаецца гісторыяй і краязнаўствам, будуць артыкулы пра разведачныя раскопкі касцёла канонікаў латэранскіх у Слоніме ў 1985 годзе, як у Слоніме ў 1928 годзе знайшлі падземны ход, пра тое, як у 17 стагоддзі сланімчанку абвінавацілі ў чарадзействе і спалілі на кастры, пра будынак на слонімскім замчышчы і іншыя.

Знойдуць на старонках “Слонімскага краю” чытачы звесткі пра пасла Венецыянскай рэспублікі, які ў 1477 годзе праязджаў праз Слонім. Даведаюцца, якой была слонімская рэклама ў віленскай  беларускай гезеце 90 гадоў таму, пра Слонім у 1819 годзе, пра Слоніскі чыгуначны вакзал і яго гісторыю і г.д. Поўнасцю свежы нумар “Слонімскага краю” можна прачытаць тут.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя