Свята восені ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў



Свята „Восень у Завоссі” пройдзе ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў у Баранавіцкім раёне Берасцескай вобласці.

„Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры сумесна з Баранавіцкім раённым выканаўчым камітэтам прадаўжае добрую традыцыю і запрашае ў Год малой радзімы паўдзельнічаць у свяце „Восень у Завоссі”, якое адбудзецца 21 верасня, – расказалі ў музеі. – Завоссе – месца, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч. Тут прайшло яго дзяцінства, сюды, будучы падлеткам, ён штогод прыязджаў на летнія канікулы, ляцеў закаханым студэнтам, а потым – маладым настаўнікам з Коўна, каб быць бліжэй да каханай Марыі Верашчака”.

 

Свята пачнецца літаратурна-грамадскай акцыяй „Чытаем класіка”, затым пройдзе „Бібліятэчны марафон”, выступяць удзельнікі літаратурных суполак Баранавіцкага раёна. Акрамя таго, арганізатары падрыхтавалі захапляльныя квесты, не абмінулі ўвагай і маленькіх наведвальнікаў, арганізаваўшы для іх гульні на дзіцячай інтэрактыўнай пляцоўцы. Госці свята змогуць азнаёміцца з работай умельцаў народнай творчасці ў „Горадзе майстроў”.

„У канцэртнай праграме выступяць арт-студыя Niespodzianka аб’яднання палякаў у Беларусі, група BY CRY, этна-калектыў Vuraj. Сталічная школа танцаў „Капітэль” зробіць усё магчымае, каб кожны паспрабаваў сябе ў ролі танцора, – адзначылі арганізатары. – Кульмінацыяй свята стане „Спеўны сход” з Сержуком Доўгушавым”.

belta.by