Ці адсвяткуе Слонім угодкі Магдэбургскага права?



Некалькі тыдняў таму слонімец Павел Севасцьян звяртаўся ў Слонімскі райвыканкам з прапановай святкавання атрымання Слонімам Магдэбургскага права. Тым больш, што сёлета спаўняецца 430 гадоў з дня атрымання Слонімам Магдэбургскага права.

На імя Паўла Севасцьяна прыйшоў адказ за подпісам намесніцы старшыні Слонімскага райвыканкама Тэрэсы Юшкевіч. Спадарыня Юшкевіч паведаміла:

“Паважаны Павел Сямёнавіч! Слонімскі раённы выканаўчы камітэт (далей – райвыканкам) паведамляе, што Ваш зварот разгледжаны. У Слонімскім раёне ў апошні час склалася добрая практыка абмеркавання актуальных пытанняў і канструктыўных прапаноў насельніцтва праз правядзенне дыялогавых пляцовак. Так, на працягу толькі 5-ці месяцаў бягучага года праведзена 23 дыялогавыя пляцоўкі адпаведнай тэматыкі з удзелам прадстаўнікоў грамадства – моладзь, пенсіянеры, прадстаўнікі працоўных калектываў і бізнесу, грамадскіх аб’яднанняў, шматдзетныя бацькі і іншыя. Чарговая дыялогавая пляцоўка “Рэспубліка Беларусь: упэўненым крокам на шляху незалежнасці” запланавана на 01.07.2021. У сувязі з эпідэмсітуацыяй па каронавірусу для ўдзелу ў абмеркаванні дадзенай тэмы і ўдакладненні іншых арганізацыйных пытанняў неабходна патэлефанаваць па нумарах 2 09 29 або 2 77 17 да  25.06.2021 з 8.00 да 17.00.

Прапанова наконт святкавання атрымання Слонімам Магдэрбургскага права таксама можа быць разгледжана падчас правядзення дыялогавай пляцоўкі з паслядоўным абмеркаваннем на чарговай сесіі Слонімскага раённага Савета дэпутатаў. Аб прыняцці  канчатковага рашэння Вам будзе паведамлена дадаткова.

Наконт прапановы стварэння інфармацыйнай пляцоўкі, якой можа стаць Грамадскі Савет пры Слонімскім райвыканкаме, тлумачым, што Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З “О местном управлении и самоуправлении в Республике Беларусь” зацверджана сістэма органаў мясцовага самакіравання, якая здольная дасягаць адпаведных мэтаў і вырашаць задачы развіцця і ажыццяўлення ініцыятыў грамадзян па пытаннях мясцовага значэння”.

Сам Павел Севасцьян сказаў, што пачакае дыялогавай пляцоўкі і яе вынікаў наконт яго прапановы.

Беларускае Радыё Рацыя