Святкаванне юбілею Васіля Быкава – не для ўсіх



Паэту Кастусю Севярынцу, бацьку вядомага палітыка Паўла Севярынца, не дазволілі выступіць на ўрачыстай  імпрэзе, прысвечанай 95-м угодкам  знакамітага пісьменніка.

Яна праходзіла вечарам 19 чэрвеня, і напярэдадні Кастусь Севярынец быў уключаны ў спіс выступоўцаў. Але за некалькі гадзін да пачатку яму  паведамілі па тэлефоне,  што ягоная прысутнасць не пажаданая. Арганізатары – работнікі бібліятэкі і абласная арганізацыя  Таварыства беларускай мовы – не кажуць, ад каго сыходзіла такое рашэнне.

Тым не менш, вершы Кастуся Севярынца на імпрэзе прагучалі. Іх прачытала старшыня абласной філіі Беларускага саюзу мастакоў.

– Я вельмі здзівілася, што на гэтай імпрэзе няма Канстанціна Севярынца, з якім мы, ужо не памятаю, колькі гадоў, працуем разам. Раз Косці няма, то гэта не проста мой абавязак , а шчасце – прачытаць ягоныя вершы. А тыя, хто гэта зрабіў, думаю, пра гэта вельмі шкадуюць, бо такіх рамантычных, такіх узнёслых вершаў мала зараз.

Каб не прыкры выпадак з Кастусём Севярынцам, то імпрэзу ў гонар Васіля Быкава можна было б лічыць вельмі ўдалай. Прысутным яна спадабалася.

– Я ўпершыню на такім вечары, і мяне ўразіла, што жыхары Віцебску добра ведаюць і вельмі шануюць нашага народнага пісьменніка.

– Для чаго патрэбныя такія імпрэзы?  Каб наша моладзь пра яго ведала. Гэта ўшанаванне памяці такога сапраўднага нашага беларуса.

– Для мяне гэта вельмі важна, мне вельмі падабаюцца яго творы. Гэты пісьменнік варты таго, каб пра яго памяталі.

У гэтую суботу, 22 чэрвеня, на малой радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну, адбудзецца традыцыйнае штогадовае святкаванне ягоных чарговых угодкаў. Імпрэзу рыхтуе рух “За свабоду”, яна распачнецца а 12-й дня каля будынка былой школкі, дзе вучыўся пісьменнік.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя