Святочнае шоу на ганку філіяла Веткаўскага музея
Паўсотні майстар-класаў, выступ беларускіх фолк-гуртоў, батлейка, этнакавярня, курсы „Мова Нанова” – так філіял Веткаўскага музея адзначыў „Ноч музеяў”.
Веткаўскі музей пяты раз далучаецца да міжнароднай акцыі. Загадчык філіяла Пятро Цалка распавёў, што сёлета для святкавання была абраная тэма „Таямніцы рамёстваў”.
Пятро Цалка:
– Прысутнічала каля сотні рамеснікаў. Былі майстар-класы разьбы па дрэве, па традыцыйнай вышыўцы, па вырабе неглюбскіх шыйных упрыгожванняў „Гарлячыкі” з бісера. Можна было навучыцца рабіць музычныя інструменты пішчыкі-чароткі, ткаць паясы з нітак і нават з травы. На ткацкім станку папрацаваць. І, канешне, канцэртная праграма, дзе мы бярэм як аўтэнтычныя спевы (гурт „Стаўбунскія вячоркі”), так і сучасныя моладзевыя гурты.
Акрамя гурту „Стаўбунскія вячоркі” можна было пабачыць выступы „Біфолка”, „Старога фальварку”, школы дзіджэрыду „Рэха Зямлі” і фолк-праекта „Ягорава Гара”.
Падчас мерапрыемства працавала дзіцячая пляцоўка з гульнямі ды забавамі, дзе можна было памаляваць фарбамі, паскладваць вялікія пазлы, пакатацца на каруселях.
Цягам акцыі адбыўся этнапаказ тардыцыйнага і калятрадыцыйнага адзення, працавала этнакавярня з духмянай выпечкай і квасам.
Таксама да акцыі „Ноч музеяў” у філіяле Веткаўскага музея далучыліся курсы „Мова Нанова”.
Міжнародная акцыя „Ноч музеяў” упершыню была праведзеная ў Берліне ў 1997 годзе. У 2008 годзе да акцыі далучылася Беларусь. Сэнс акцыі ў тым, каб музейныя экспазіцыі можна было аглядаць ноччу.
[Not a valid template]
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Юлія Сівец
