Святочная Батлейка ў Маямі



Беларускай батлейкай „Шлях да Батлеема” з народнымі песнямі і традыцыйнымі касцюмамі адзначылі Каляды беларусы з Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА) Паўднёвай Фларыды ў Маямі. 

 

Пад кіраўніцтвам Вольгі Жук, выпускніцы рэжысёрскага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў, сябры БАЗА падрыхтавалі і прадэманстравалі батлейку „Шлях да Батлеема” аўтарства Сяргея Кавалёва. У ёй апавядаецца пра тое, як звычайны шэры вослік адправіўся ў Батлеем, каб убачыць Бога і дапамагчы яму. На сваім шляху ён сутыкаецца з неверагоднымі прыгодамі і цяжкасцямі. У завяршэнні ён ратуе немаўля Ісуса і адмаўляецца ад сваёй запаветнай мары стаць зоркай у імя веры і выратавання.

 Старшыня Аддзелу БАЗА Андрэй Пушкароў адзначыў, што такія культурныя мерапрыемствы і сустрэчы вельмі важныя і аб’ядноўваюць нас. “Нават будучы ў ЗША, мы акунаемся ў беларускую прастору, мову і культуру, якую цяперашні рэжым выцясняе ў Беларусі,” – кажа Андрэй.

 Усе лялечныя персанажы і дэкарацыі былі зробленыя рукамі ўдзельнікаў згодна беларускай традыцыі. Для ўдзельнікаў і гасцей свята быў накрыты святочны стол, які ўключаў традыцыйныя стравы беларускай кухні, такія як калдуны, мачанку, квашаную капусту і іншыя, але галоўнай стравай вядома ж была багатая куцця.

 Сакратар арганізацыі, доктар адміністрацыйных навук Паліна Прысмакова падкрэсліла, што вельмі важна захоўваць культурныя традыцыі продкаў будучы за мяжой, каб не страціць пачуццё самапрыналежнасці. “Таксама, заўсёды вельмі прыемна знаёміць прадстаўнікоў розных краін з нашай краінай, яе гісторыяй і звычаямі,” – дадала яна.

 Аддзел БАЗА Паўднёвай Фларыды ладзіць Каляды шосты год запар. Гэтае цудоўнае свята стала традыцыйным. Дзеці і дарослыя з нецярпеннем чакаюць цуд у гэтыя зімовыя святочныя дні. Дружны і згуртаваны калектыў паўднёва-флорыдскага аддзелу БАЗА з велізарнай радасцю дорыць ім казку.

[Not a valid template]

 Аддзел БАЗА Паўднёвай Фларыды