“Сябрына” сабрала паэтаў, пісьменнікаў і музыкаў



“Сябрына” – літаратурна-музычная сустрэча паэтаў, пісьменнікаў, музыкаў і грамадскіх актывістаў прайшла ў вёсцы Радзюкі Шаркоўшчынскага раёна. У імпрэзе прынялі ўдзел жыхары Шаркоўшчынскага, Глыбоцкага, Браслаўскага  і Мёрскага раёнаў.

Радзюкоўская сустрэча сяброў адбылася дзякуючы мясцовай паэтцы Людміле Ардынскай, якая была ідэйным натхняльнікам імпрэзы.

– Я вельмі рада, што мяне падтрымалі мае сябры, што яны прыехалі. Іх у мяне шмат. І за гэта я ўсім вельмі і вельмі ўдзячная. Уражанні добрыя. Атмасфера была цёплая, сяброўская, радасная. Вельмі цудоўныя выступы нашых калектываў і спевакоў. Відаць было, што людзям гэта спадабалася.

Падчас свята прысутныя пасадзілі дрэва таленту і сяброўства, сімвал яднання творчых людзей. Усталявалі шыльду каля 130-гадовага дуба са спісам усяго шляхецкага роду ўладальнікаў былога маёнтка Бароўскіх у Радзюках. А таксама ўсклалі кветкі да помніка загінулым падчас Другой сусветнай вайны і ахвярам халакосту.

 

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара