Сяргей Будкін: Крок з забаронай кніг – прадказальны



Кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін лічыць, што выкідванне кніг 33-х аўтараў з беларускіх бібліятэк – гэта тое, да чаго ўлады Беларусі ішлі вельмі доўга і мэтанакіравана.  

Кажа Сяргей Будкін:

-Гэта абсалютна прадказальна было, таму што змаганне, у тым ліку з нацыянальнай літаратурай, пачалося ні сёння і ні ўчора. Гэта наступствы рэферэндума 1995. Гэта проста афіцыйна замацаванае рашэнне. І цалкам відавочна, што прымалі яго людзі, якія ні тое што не чыталі гэтых аўтараў, яны проста пра іх не ведаюць. Напісалі з памылкай прозвішча Някляеў. А замест Хадановіча напісалі Хадасевіч. Гэта проста смешна і ў той жа час горка! Але гэта становіцца ў адзін шэраг са змаганнем супраць усяго нацыянальнага.

Па словах Сяргея Будкіна, могуць забараніць і назву Беларусь:

-Даведзена да абсурду ўсё цалкам. Можна і назву Беларусь прызнаць экстрэмісцкай па гэтай логіцы. Ужо забыліся, як пішацца назва краіны, у якой яны жывуць, калі ўзгадаць падзеі восені 2020, калі дэсант рускіх журналістаў прыбыў на дзяржанае тэлебачанне і ў медыя. Гэта ўсё ўкладаецца ў той жа шэраг, што зараз спрабуюць кіраваць нашай краінай людзі, якія не маюць да яе ніякага дачынення.

Беларуская рада культуры, якой кіруе Сяргей Будкін – за межамі Беларусі, яна дапамагае пацярпелым ад палітычнага пераследу дзеячам і творцам культуры.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]