Сяргей Будкін: Культура – падмурак сяброўства паміж Беларуссю і Украінай



“Культура – гэта тая нітачка, якая аб’ядноўвае народы Беларусі і Украіны”, – гаворыць кіраўнік Беларускай Рады Культуры Сяргей Будкін. Ён мяркуе, што нельга пускаць на самацёк сітуацыю з дэбеларусізацыяй тапанімікі ўкраінскіх гарадоў.

Паводле Сяргея Будкіна, праца з украінскімі культурнымі дзеячамі, перакладчыкамі і літаратарамі можа пасадзейнічаць захаванню адносін між народамі:

-І беларускія назвы метро, і беларускія назвы вуліцаў, і, безумоўна, беларускія творы – гэта тыя нітачкі, якія звязваюць беларусаў і ўкраінцаў. І на грунце чаго магчымыя ўзаемапаразуменні. Культура якраз і ёсць падмурак гэтага сяброўства паміж краінамі. І нават калі яны перажываюць нялепшыя часы ў сваіх адносінах, менавіта з дапамогай культуры, з дапамогай асобаў – іх твораў, здзяйсненняў, у гонар якіх названыя ўкраінскія вуліцы, мы якраз і можам размаўляць.

З пачаткам агрэсіі РФ супраць Украіны ўкраінскія сацыялагічныя службы фіксуюць пагаршэнне стаўлення ўкраінцаў да Беларусі, якая ў вачах многіх суседзяў з’яўляецца саюзнікам Крамля. Згодна дадзеным агенцыі “Рэйтынг”, якая правяла агульнанацыянальнае даследаванне ва Украіне адносна ідэалагічных маркераў вайны, да жыхароў Беларусі станоўча ставяцца толькі 22% украінскіх рэспандэнтаў. За год, як адзначаюць сацыёлагі, паказнік пагоршыўся ў тры разы. З пагаршэннем стаўлення да беларусаў ва Украіне загаварылі пра перайменаванне станцый кіеўскага метро, звязаных з Беларуссю. Таксама ў грамадстве абмяркоўваюць варыянты з выдаленнем са школьнай праграмы твораў беларускіх класікаў.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]