Сяргей Законнікаў: Паэт павінен бачыць залацінкі душэўнасці
Сёння – 70 гадоў Сяргею Законнікаву. Вядомы беларускі паэт успамінае свае маладыя гады і распавядае, пра што думаецца ў такі юбілей.
РР: Сяргей Іванавіч, ці памятаеце вы свой самы першы верш?
Сяргей Законнікаў: Выдатна памятаю, ён быў апублікаваны ва Ушацкай раённай газеце. Гэта быў 1961 год, калі паляцеў у космас Юрый Гагарын. Быў вельмі святочны настрой, цяпер ніхто з маладых не можа нават уявіць, што тварылася тады ў Савецкім Саюзе, калі паляцеў Гагарын. Гэта было свята, якое затміла ўсе святы, што былі да таго. Гэта была грандыёзная падзея! Усе радаваліся, і я, школьнік, таксама парадаваўся – напісаў верш з 12 строфаў, у якім славіў касманаўта. Гэта былі такія вучнёўскія практыкаванні ў рыфму, і раённая газета надрукавала толькі дзве страфы. І я, калі атрымаў раённую газету, паглядзеў, што мяне забракавалі і вырашыў, што паэт з мяне будзе кепскі. І перастаў пісаць дзесьці да 8-9 класа. А ўжо ў 9-м класе надрукаваў падборку вершаў у «Віцебскім рабочым». Так што мая літаратурная дзейнасць лічыцца з 1963 году.
РР: У вас быў любімы настаўнік, які прывіў любоў да роднага слова, да творчасці?
Сяргей Законнікаў: На жаль. Калі я вучыўся, гэта быў вельмі і вельмі няўстойлівы час. Змяняліся настаўнікі, не было кадраў і асабліва гэта тычылася настаўнікаў замежнай мовы. У нас, напрыклад, замежную мову спачатку выкладаў настаўнік фізкультуры, а затым настаўнік працы. І, калі я паступаў ва ўніверсітэт, мне неабходна было здаваць экзамен па нямецкай мове, што было вялізнай праблемай. Я толькі нейкімі сваімі вялікімі намаганнямі (займаўся самадукацыяй) здаў экзамен на чацвёрку, хаця ўсе астатнія – на выдатна. Што тычыцца беларускай мовы, то не было такога настаўніка, які мог бы прывіць любоў да слова. На жаль…
РР: Тады любоў да паэзіі – гэта ад каго?
Сяргей Законнікаў: Мне здаецца, што гэта гены. Мой дзядзька, якога рэпрэсавалі ў 1937 годзе, у 27 гадоў, быў паэтам. Ён меў свае зборнікі, перакладаў з французскай мовы… І вось на ўзлёце такога маладога таленавітага хлопца арыштавалі, і ён загінуў у канцлагеры. Двойчы судзілі яго – у 36-м і ў 41-м у лагеры, таму што ён разам з іншымі падняў паўстанне ісці на фронт.
РР: А ці гарэзлівымі для паэта былі студэнцкія гады?
Сяргей Законнікаў: Як і ва ўсіх былі гарэзлівымі, а ў многіх момантах і вельмі гарэзлівымі. Але адзінае хачу сказаць, што мы ў студэнцкія гады вельмі шмат сядзелі ў бібліятэках. Мы вельмі шчыльна працавалі з кнігамі, чаго, ведаючы сітуацыю, бо сустракаюся са студэнтамі, цяпер я не заўважаю.
РР: Усё больш – у тэлефонах і планшэтах?
Сяргей Законнікаў: Так. Пры тым, калі чалавек з дзіцячых гадоў не займаецца з кнігай, не працуе з ёй, то ў гэтага чалавека і інтэлект не так развіты, як у тых, хто дружыць з кнігай. У яго няма набору слоў, ён не можа хутка падабраць трапнае слова, якое трэба ў гэтую секунду ўжыць. Я выступаю ў школах і гімназіях – і дзіву даюся! Нашы старшакласнікі зусім не ведаюць мовы, не могуць сказаць на ёй, нават што гэта за месяц. Скажаш яму пра красавік, а ён і не ведае, што гэта такое. І не толькі гэта. Зараз падрыхтоўка па беларускай мове ў нашых школах проста ніжэй плінтуса.
РР: Вы ж у свой час і самі працавалі настаўнікам…
Сяргей Законнікаў: Там была доўгая эпапея, як я патрапіў у школу. Мяне не размяркоўвалі, я павінен быў спачатку служыць ў арміі. Але мяне хацелі пасылаць у Варшаву ў пасольства працаваць перакладчыкам. І атрымалася так, што тры нашы дыпламаты, якія займаліся шпіёнскай дзейнасцю, пагарэлі і іх перакінулі ў Варшаву на нашы месцы. А нас, студэнтаў БДУ, выкінулі адтуль. Мы туды нават не даехалі і засталіся са свабоднымі дыпломамі. Я вырашыў, што, калі ўжо правучыла мяне дзяржава пяць гадоў, то павінен адпрацаваць у школе. Пайшоў туды з жаданнем вучыць дзяцей, мяне прызначылі завучам па выхаваўчай рабоце. З дзецьмі я ладзіў, яны мяне любілі.
Дарэчы, я не толькі мову ў школе выкладаў, але і гісторыю ў малодшых класах. Таму настаўніцтва было для мяне не проста манатонная праца, а свята. Я ўрокі літаратуры праводзіў зімой… у лесе! Ставіў клас на лыжы і ехалі ў лес. Там раскладвалі вогнішча, смажылі на ражонцах сала, і я ім расказваў многае пра літаратуру. Вучыў, як трэба глядзець на зімовы лес, вучыў, як прыдумваць метафары, параўнанні, эпітэты да нечага. Вучыў паэзіі, стварыў у школе літаратурны гурток . Мае дзеці за год, які я адпрацаваў, цэлымі старонкамі друкаваліся ў раённай газеце са сваімі творамі. Купіў першы магнітафон у школу і вучыў дзяцей дыкцыі – як чытаць вершы. А гэта ж так было для іх цікава – слухаць свой голас. Такога ж ніколі не было! Так што я быў у вучняў сваім чалавекам.
РР: Школа была вашым прызваннем?
Сяргей Законнікаў: Я пачуваў сябе там утульна, і настаўніцтва пакінуў вымушана – трапіў у аварыю. Памятаю, дырэктар захварэў, і мне давялося займацца яго справамі. Ехаў у Барысаў атрымліваць бланкі атэстатаў, і па дарозе аўтобус патрапіў у сур’ёзную аварыю. Хтосьці апынуўся ў бальніцы, былі нават смяротныя зыходы… Амаль усе атрымалі траўмы. У мяне была раздроблена левае плячо, я восем месяцаў быў у гіпсе. Потым ужо паехаў далечвацца дадому, да бацькоў, мяне там знайшлі і кінулі разам з гіпсам ў рэдактарскае крэсла раённай газеты. Сказалі: «Левая рука ў гіпсе, правая працуе». І я на ГАЗіку пачаў ездзіць па раёне і пісаць нарысы пра механізатараў, даярак, цялятніц, свінарак…
РР: Вам падабалася праца ў савецкай журналістыцы?
Сяргей Законнікаў: Натуральна, мне было тады цікава. Чаму ж не? Я быў малады, мне былі цікавыя людзі. Я люблю вёску, бо сам – вясковы чалавек. І сёння не лічу сябе гарадскім. У горадзе я нармальна арыентуюся, пажыў па ўсёй Еўропе, быў за акіянам. Але не гарадскі я. Вельмі люблю прыроду, лес, азёры…
РР: Яўген Яўтушэнка неяк сказаў, што «паэт у Расеі – больш чым паэт». А ў Беларусі як сябе пачуваюць паэты?
Сяргей Законнікаў: У ягоны час так і было… Увогуле, калі казаць пра літаратуру, то яна не павінна браць на сябе нейкую іншую місію. Гэта толькі ў Саюзе тоўстыя часопісы ўзялі на сябе інфармацыйную місію. Таму што афіцыйныя СМІ не казалі ніякай праўды пра тое, што робіцца ў нас і ў свеце. А літаратура не павінна гэтым займацца. Яна павінна выяўляць нейкія агульначалавечыя каштоўнасці, распавядаць пра характары, чалавечыя ўзаемаадносіны. Я, напрыклад, лічу, што ў свеце нічога няма больш важнага, чым узаемаадносіны жанчыны і мужчыны. Гэта самае галоўнае! Гэта патрэбна ўсім. А потым ужо ідуць нейкія дзяржаўныя справы, прэзідэнты, прэм’ер-міністры… Гэта ўсё другаснае.
РР: Пра што больш думаецца ў 70 гадоў? Пра літаратуру, жыццё, пра здароўе?
Сяргей Законнікаў: Я больш думаю пра сваіх унукаў, гэта для мяне самае дарагое сёння. Бо 20 кніжак, што я выпусціў, не самае дарагое. Выпусціў і выпусціў. Ёсць у мяне чатыры неблагія паэмы. Знойдзецца вельмі добрых 20-30 вершаў. Але я чалавек абсалютна рэальны. Колькі чалавек да нас пісалі, колькі яшчэ пасля нас будзе пісацца? Не ў гэтым справа, што ты недзе застанешся ў гісторыі. Ну добра – застанешся, нейкім адным радком цябе ўспомняць. Не ў гэтым справа.А справа ў тым, што ты павінен аддаць усё, што ў цябе ёсць добрае сваім дзецям, унукам, і каб яны далей гэтую нітачку цягнулі. Нітачку дабра, гуманізму, якога нам не хапае. У нас жа няма беларускай сям’і! І пакуль яе не будзе, наша краіна не выйдзе ні на якія нармальныя параметры. Яна будзе целяпацца і ў эканоміцы, і ў культуры, ва ўсім.
Мне нярэдка кажуць, што я пазітыву не бачу. Маўляў, у маіх калонках, якія я пастаянна вяду ў «Свободных новостях», адзін песімізм. Але ж я – асветнік і не павінен распавядаць пра тое, колькі выкапалі бульбы. Пра гэта няхай распавядае лінейная журналістыка. Паэт павінен глядзець на гэтае жыццё з агульначалавечых пазіцый. Бачыць нейкія залацінкі душэўнасці, дабра ў грамадстве. прапагандаваць гэта. Каб усе людзі хінуліся да такіх герояў, пісьменнікаў і мастакоў. А не так, што я буду расказваць, як Чыж пабудаваў новыя дамы. Што з таго, што ён пабудаваў? Сапсавалі горад, сапсавалі архітэктуру. У Гародні што натварылі? Чаму я павінен расхвальваць тое, што ў нас з’яўляюцца новыя будынкі? Ці пляскаць у ладкі, што набудавалі казіно? Новыя будынкі павінны з’яўляцца там, дзе трэба, а не лезці ў старыя гарады, разбураючы іх архітэктурны стыль. Я пражыў 70 гадоў і выдатна ўсё бачу. Аб’ездзіў увесь свет і ведаю, як людзі жывуць у нармальных цывілізаваных краінах. І трэба гэта пераймаць, а не крычаць, што мы ва ўсім самыя лепшыя. Крычым, а пасля плюхаемся ў лужу. Выскокваем, ізноў крычым, а затым ізноў плюхаемся… Таму, калі нешта робіцца несправядліва, я маўчаць не магу. Я і пры савецкай уладзе не маўчаў, нягледзячы на тое, што і сам працаваў у ЦК. Я і там быў “белай варонай”, бо ўвесь час гаварыў праўду. І буду гаварыць, пакуль не памру.
РР: Але галоўнае – унукі…
Сяргей Законнікаў: Безумоўна. Калі мы будзем думаць, што ўсё лепшае павінны аддаць дзецям і ўнукам, каб яны былі нашмат лепшыя за нас, то яны можа і пабудуюць тую Беларусь, пра якую марылі і Васіль Быкаў, і Уладзімір Караткевіч, і многія іншыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org
