Сяржук Доўгушаў вучыў гарадзенцаў спяваць па-народнаму



Як спяваць народныя спевы навучаў у Гародні Сяржук Доўгушаў, музыка, мультыінструменталіст, лідар гурта „Vuraj”.

Для гарадзенцаў на курсах „Мова на нова” ён правёў майстар-клас па пяянні „па-прыроднаму”, як ён патлумачыў, такой манерай, якая ўкаранёна даўняй традыцыяй нашага народа.

Кажа Сяржук Доўгушаў:

– Я з радасцю езджу па беларускіх гарадах, не толькі каб заспяваць тое, што ведаю, але яшчэ і чамусьці навучыць людзей. Мая місія пазнаёміць людзей з голасам, пазнаёміць з родным голасам, падзяліцца нейкім досведам маіх экспедыцый. Акрамя музыкі, акрамя канцэртаў, песень і майго выканання, я яшчэ выкладаю спевы і дзялюся з людзьмі тым, што ведаю і што ўмею.

Удзельнікі майстар-класа не толькі паслухалі аўтэнтычныя беларускія песні, але і самі іх спявалі разам з мэтрам Сержуком Доўгушавым, пад акампанемент колавай ліры. Як сказаў Сяржук Доўгушаў, рэгіён Панямоння з гледзішча старадаўняй песеннай культуры, яшчэ слаба вывучаны. Таму цяпер Сяржук мае задуму пра даследаванне гэтага рэгіёну.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара