Сын аднаго з паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі



20 верасня спаўняецца 210 гадоў з дня нараджэння святара, празаіка, публіцыста, перакладчыка, паэта, магістра тэалогіі Плакіда Янкоўскага (1810-1872). 

Родам Плакід Янкоўскі быў з Камянеччыны. Нарадзіўся ў шляхетнай уніяцкай сям’і. Яго бацька прымаў удзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі. А пазней прыняў духоўны сан і меў прыход.

Плакід атрымаў добрую адукацыю. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, затым скончыў Берасцейскую школу базыльянаў. У 1826 годзе ён становіцца студэнтам тэалагічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Гады навучання Плакіда Янкоўскага ва ўніверсітэце адыгралі выключную ролю ў яго лёсе.  Пісьменнік вывучыў некалькі моў, шмат чытаў літаратуры еўрапейскіх пісьменнікаў. 

Пасля заканчэння ўніверсітэта і абароны на звання магістра багаслоўя, Плакід Янкоўскі атрымаў пасаду прафесара ў Жыровіцкай уніяцкай духоўнай семінарыі, дзе выкладаў святое пісанне і латынь. Паўстанне 1830-1831 гадоў, эпідэмія халеры прымусілі Плакіда Янкоўскага пакінуць Жыровічы і пераехаць у Вільню. Але праз год ён зноў вяртаецца ў Жыровічы, дзе рыхтуецца да здачы экзаменаў на доктара тэалогіі і паспяхова здае іх у Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі.

У 1837 годзе малады доктар тэалогіі згаджаецца памяняць веру. Гэта пазіцыя была ўхвалена праваслаўнай царквой. Ён быў нават узнагароджаны ордэнам святой Ганны.

Літаратурная творчасць Плакіда Янкоўскага пачалася з 1830 года. Ён піша вершы, байкі, апавяданні, аповесці, п’есы, анекдоты, займаецца перакладамі. Шчыра сябруе Янкоўскі з Ю.Крашэўскім. Яны перапісваюцца, сустракаюцца, гутараць пра літаратуру. Разам напісалі “Складзеную аповесць”.  А потым з друку выходзяць кнігі Плакіда Янкоўскага “Засценак” (1841), “Хвіля” (1842), “Апавяданні” (1843), “Універсітэцкія ўспаміны” (1949) і іншыя.

Пасля задушэння паўстання 1863-1864 гадоў, творчасць Плакіда Янкоўскага паціху тухне. Ён купіў у Жыровічах дом і дажыў там свае апошнія гады. Памёр святар і пісьменнік у Жыровічах у поўнай ізаляцыі ад людзей і свету, дзе і пахаваны. Творчасць яго вельмі супярэчлівая, аднак бяспрэчным застаецца той факт, што ён належаў да польскамоўных беларускіх пісьменнікаў, для якога ніколі не былі чужымі Бацькаўшчына і яе беларускі народ. 

У 2004 годзе ўпершыню ў Беларусі на рускай мове былі выдадзены асобнай кнігай “Запіскі вясковага святара” Плакіда Янкоўскага.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя