Сёлета ў планах валынскай друкарні абнавіць берасцейскі кнігазбор



Жыццё і творчасць палешукоў, якія пісалі па-ўкраінску – гэта яшчэ адзіны фактар збліжэння Берасцейшчыны і Валыні. Менавіта таму ў Луцку штогод узрастае цікавасць да выхадцаў з берасцейскага краю, якія пакінулі яскравы след у літаратурным і грамадскім жыцці Украіны.

Сёлета ў планах валынскай друкарні абнавіць берасцейскі кнігазбор. Дзякуючы луцкім выдаўцам свет пабачылі творы Антона Цвіда, Дзмітрыя Фалькоўскага, Уладзіміра Кітаеўскага, Фёдара Одрача ды шмат іншых выбітных асобаў. Вялікі ўнёсак у гэтую справу робіць даследчык з Кобрына Сцяпан Давыдзюк. Паводле яго слоў, некаторыя творы ў прамым сэнсе выкопвалі з зямлі, як гэта было з творчасцю Уладзіміра Кітаеўскага:

– Вершы захаваліся, дзякуючы жонцы паэта Уладзіміра Кітаеўскага. Падчас вайны немцы сказалі знішчыць усе пісьмовыя крыніцы інфармацыі – спаліць, альбо здаць, а яна – закапала на гародзе. Згарэў дом, а вершы засталіся. 

Сцяпан Давыдзюк працуе над анталогіяй твораў выкладчыка Варшаўскага ўніверсітэта, супрацоўніка рэдакцыі Польскага радыё, пісьменніка Астапа Лапскага. Астап Лапскі нарадзіўся на Кобрыншчыне, але ўсё жыццё пражыў у Польшчы, дзе акрамя літаратурнай дзейнасці займаўся грамадскімі справамі. За ўдзел у руху “Салідарнасці” быў рэпрэсаваны.

Zas2

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя