Сёння ў праваслаўных вернікаў Дзень Мікалая Цудатворца



Паводле святых пісанняў, ён здзяйсняў мноства цудаў і дапамагаў людзям, за што ў народзе яго вельмі любілі і верылі, што святы Мікалай адгукаецца на любую просьбу пра дапамогу.

Абраз трохчасткавы. Цуд Георгія пра змея, Мікалай Цудатворац, Архангел Міхаіл. Фота: wikimedia.org

„У хрысціянскім свеце гэта адзін з самых шанаваных святых”, – кажа святар Міхаіл Лабковіч:

– Мікалай Цудатворац – той святы, імя якога вядомае напэўна кожнаму чалавеку. Менавіта гэтага святога мы часцей за ўсё заклікаем на дапамогу, гэтаму святому часцей за ўсё прысвячаюцца храмы. Фактаў пра яго жыццё мы маем не шмат. Мы ведаем, што ён з’яўляўся архіепіскапам горада Міры – Лікійскай вобласці. Чаму мы называем яго архіепіскапам Міры Лікійскай, калі браць сучасную геаграфію, то гэта вобласць сучаснай Турцыі. У тым месцы ён жыў, у тым месцы ён прапаведаваў, у тым месцы ён і здзяйсняў свае цуды.

У беларускай народнай традыцыі на Міколу „Зімовага” існавала шмат павер’яў, як напрыклад: „Калі іней будзе раней Міколы, то трэба сеяць ранні ячмень, калі пазней Міколы – позні”, „Іней, які пакрывае дрэвы на Міколу, прадказвае добры ўраджай ільну”.

Беларускае Радыё Рацыя