„Танцы гарадзенскіх дворыкаў”



Праект вулічных музыкаў, якія прапагандуюць народныя беларускія танцы і музыку, быў арганізаваны ў цэнтры Гародні ў дворыку, дзе месціцца Цэнтр гарадскога жыцця.

Каб патанчыць, паслухаць музыку ці пафатаграфавацца – прыйшло больш за паўсотні асоб.

Пра сваё захапленне беларускай музыкай і танцамі распавёў музыка Андрэй Бароўскі:

– Вельмі цікаўлюся ігрой на гармоніку, цікаўлюся таксама пошукам старых танцаў. Шукаю, растанцоўваю, дапамагаю растанцоўваць нашым танцорам. Гэта такая спроба аднавіць танцы, каб людзі танчылі пад жывую музыку. Нашы сябры робяць тое ж у Менску, Барысаве, Бабруйску, Баранавічах, Гомелі, Віцебску, шмат дзе.

Для гарадзенцаў, якія прыйшлі патанчыць – гэта цікавы спосаб правядзення вольнага часу:

– Гэта клёва, гэта прышпільна, гэта прыемна, гэта весела. Тут няма нечага страшнага нацыяналістычнага, гэта клёва.

– Проста падабаецца танчыць, тым больш у горадзе беларускія танцы ў нядзелю ўвечары. Можна файна пабавіць час.

„Танцы гарадзенскіх дворыкаў” будуць адбывацца ў цэнтры Гародні кожны тыдзень. За іх анонсамі можна сачыць у сацсетках.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня