Таццяна Арлова: Без вас мне было б нашмат горш



„Вы  – нацыянальны скарб Беларусі”,  – так казалі тэатральнаму крытыку, журналісту, прафесару Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Таццяне Арловай удзельнікі творчай сустрэчы з ёй. Сустрэча адбылася ў Менску ўвечары 27 верасня.

Але нагода для сустрэчы была сумнай  – Таццяну Арлову звольнілі з факультэта журналістыкі БДУ па ўзросту. Як яна сама раней жартавала: „звольнілі за тое, што доўга жыву”.

Гэтую амаль хатнюю, сяброўскую сустрэчу на малой сцэне Купалаўскага тэатру падрыхтавалі вучні Таццяны Арловай Андрэй Эзэрын і Алена Мальчэўская. Зала была перапоўненая.

„Мы вельмі рады, што на нашай вечарыне  адразу ўсталявалася такая сяброўская, творчая, цёплая атмасфера. І нам вельмі б хацелася гэтае адчуванне працягнуць,  – каб яно засталося галоўным на працягу ўсго вечара,” – сказада Алена Мальчэўская. 

Таццяна Арлова распавядала пра сваё жыццё. Хаця, як яна прызналася, і не любіць гэтага рабіць. Аб вучобе на журфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту, дарэчы, на адным курсе з Генадзем Бураўкіным і яшчэ некалькімі будучымі літаратарамі. Таму на іх курсе вельмі частым госцем бываў і Рыгор Барадулін. Аб працы ў газеце „Знамя юнасці”, а потым і аб працы на журфаку. І скрозь увесь расповяд галоўным матываў гучала „Тэатр. Тэатр. Тэатр”.

„Я думаю, што тэатр – гэта душа, думкі, учынкі чалавека. А журналістыка, па вялікаму рахунку, гэта не толькі тэхналогіі, як зараз  бывае, – гэта таксама чалавек, у яго думках, пачуццях, яго ўчынках. Тут ёсць наўпроставая сувязь. І калі я распавядала аб тэатры і вучыла студэнтаў пісаць рэцэнзіі, то была абсалютна ўпэўнена, што той, хто можа напісаць рэцэнзію, можа стварыць любы журналісцкі аналітычны матэрыял,” – лічыць Таццяна Арлова.

На сустрэчы з ёй выступілі галоўны рэжысёр Нацыянальнага Рускага драматычнага тэатру Сяргей Кавальчык, рэжысёр, мастацкі кіраўнікі Мінскага абласнога драмтэатру Валерый Анісенка, вучань Таццяны Арловай, былы рэдактар газеты „Прэсбол”, а зараз спартыўны дырэктар федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Беражкоў і шмат іншых журналістаў, артыстаў, крытыкаў.

Адным з выступоўцаў быў артыст Тэатра юнага гледача Леанід Улашчанка. „Яна як крытык дала мне магчымасць паверыць у мае акторскія сілы,  – кажа артыст,  – у адной з яе кніжак ёсць рэцэнзія на маю ролю Эзопа. Па шчырасці, калі я пачынаў працаваць над гэтай роллю, то не вельмі яе нават разумеў.  І потым, пры сустрэчы, Таццяна Арлова растлумачыла мне як вучню, першапачаткоўцу, што ж гэта такое. І кожная яе рэцэнзія гэта для нас як наказ у прафессі, як наказ для ролі. І кожны раз, маючы наўвазе яе рэцэнзіі, яе словы, кожны раз на сцэне адчуваеш, якую яна дакладна дае аснову і прыклад, куды ж трэба рухацца табе на самой справе. Так што ў маім жыцці яна адыграла і адыгрывае самую велізарную ролю”, – кажа Леанід Улашчанка. Ён успамінае і пра бацку Таццяны Арловай, Дзмітрыя Арлова. „Гэта  быў таленавіты артыст, народны артыст. І самае галоўнае, што ён быў вялікі выкладчык. Хай мяне даруюць выкладчыкі тэатральных ВУЗаў, але такіх зараз няма. Ён умеў так падгледзець, так падказаць, такое вырашыць, што мог намнога гадоў наперад прадказаць твой лёс. Так адбылося, напрыклад, са мной. Да і з кожным нашым студэнтам, якія выйшлі з яго курса. Мы сябе заўсёды называлі „Арлоўцы”. Дзякуй, што гэтая сямья ёсць!”  – сказаў Леанід Улашчанка.

Па словах загадчыца адной з кафедр журфака Людмілы Саенковай, для яе заўсёды быў загадкай жыццёвы „стыль” Таццяны Арловай. „Як можна вось так жыць, не „прагінаючыся”, не кланяючыся і заўсёды заставацца самой сабой. На маіх вачах былі розныя сітуацыі, і я заўсёды вучуся ў яе. І найперш вучуся годнасці. Хаця гэтаму нельга навучыцца, – яна ці ёсць ці не. Неяк нейкі начальнік хамаваты на адным з паседжанняў павысіў голас. І ўсе прыгнуліся. І толькі адна Арлова сказла: „А чаму вы размаўляеце са мной у такім тоне?” І начальнік змяніў тон. Яна заўсёды ішла супраць плыні, яна заўсёды заставалася самой сабой. Мне падаецца, што калі казаць пра Арлову нейкія ключавыя словы, то гэта  – розум, гонар і годнасць,  – гэта пра яе. І ўвогуле, Вы такая асоба,  – Людміла Саенкова звярнулася да Таццяны Арловай,  – што аказалі гонар гэтай краіне, што апынуліся тут і працавалі. Вы столькі далі беларускай культуры, столькі адкрылі сэнсаў, так яе ўпрыгожылі, у тым ліку і сабой, тым, якая Вы ёсць! І Вы ёсць той самы набытак рэспублікі, набытак нацыі. Краіна, якая мае такую асобу, павінна ганарыцца і насіць Вас на руках, кідаць усё да Вашых ног. Але мы жывем у такі час, калі ўсё можа быць роўна наадварот”.    

Адзін з вядучых і арганізатар творчай сустрэчы Андрэй Эзэрын таксама падкрэслівае, што вучыўся ў Арловай. Скончыў журфак БДУ ў 1985 годзе. „Мне здаецца, што атрымаўся цудоўны творчы вечар. Сабралося больш за 100 чалавек, і вучні, і калегі Таццяны Дзмітрыеўны. Узгадалі столькі цікавых гісторый. Атрымалася кола сваіх, блізкіх людзей. І гэта галоўны вынік сустрэчы. Толькі прычына для яе была не самая добрая,  – звальненне з журфаку. Але мы абыйшлі гэтую тэму. Таму што для яе гэтая тэма, можа, не самая прыемная. І таму мы амаль што не ўзгадвалі гэтую сітуацыю. І значную частку нашай сустрэчы гаварылі пра тое, як мы паважаем і любім гэтага чалавека. Важна, што прагучала на гэтай сустрэчы,  – гэты чалавек, Таццяна Дзмітрыеўна Арлова,  – сапраўдны нацыянальны скарб. Такіх людзей, як яна, трэба шанаваць, паважаць. Таму што яны ўнікальныя для краіны Беларусь,”  – сказаў Андрэй Эзэрын. 

У завяршэнні Таццяна Арлова падзякавала ўсіх за гэтую сустрэчу.”Хаця я не была гатовай к фармату творчага вечару, таму што я не вельмі ўмею расказваць пра сябе, пра сваё жыццё. Нават мая сям’я, якая прысутнічала на вечары, шмат новага даведалася ўпершыню. Але мне вельмі прыемна было пагутарыць з маімі выучнямі, з людзьмі з журналісцкага свету, якім, як высветлілася, я ўсё ж такі паспела закласці нешта  карыснае ў іх жыццё.  І гэта мяне вельмі грэе. Таму што калі б не падтрымка маіх студэнтаў, мне было б нашмат горш. Але зараз адбылася „перазагрузка” і ў мяне ўсё ў парадку”,  – сказала Таццяна Арлова.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фото: TUT.by