Таццяна Нядбай: Закрыццё ПЭНу ўспрынялі, як своеасаблівае прызнанне



Беларускі ПЭН-цэнтр у выгнанні, толькі такая форма дзейнасці зараз даступная, – кажа першая намесніца старшыні Таццяна Нядбай пра ліквідацыю арганізацыі ў Беларусі.

Нагадаем, 9 жніўня Вярхоўны суд Беларусі прыняў такое рашэнне. І гэта, як кажа Таццяна Нядбай, літаратары ўспрынялі, як своеасаблівае прызнанне арганізацыі ва ўмовах, калі ў Беларусі вынішчаюць грамадскі сектар. Арганізацыя, вядома, і далей працягне працу, заяўляе Таццяна Нядбай.

– Лічым за гонар. ПЭН-цэнтр у выгнанні. Як Паўночная Карэя, як Куба маюць свае ПЭН-цэнтры ў выгнанні. А калі казаць сур’ёзна, то мне здаецца, сёння настолькі моцныя іміджавыя рэпутацыйныя страты ў беларускіх уладаў, што ім ужо ўсё адно. Ім трэба выканаць гэтую задачу. Я маю на ўвазе, міністэрствам, сілавікам – ліквідаваць, яны гэта робяць ужо не надта думаючы. Бо калі б яны думалі пра рэпутацыю, ніколі б не здарылася гісторыя з самалётам, у якім ляцеў Пратасевіч, або з мігрантамі.

Салідарнасць з Беларускім ПЭНам выказваюць шэраг арганізацый: Міжнародны ПЭН, ПЭН Амерыка, Шведскі ПЭН, Украінскі ПЭН, Польскі ПЭН і таксама іншыя арганізацыі. ПЭН-цэнтр — міжнародная сетка арганізацый, якія аб’ядноўваюць прафесійных літаратараў між іншым з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій. Старшыня беларускага ПЭН-цэнтра – Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

Цалкам размова:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя