ТБМ упершыню арганізавана возьме ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) сёлета ўпершыню арганізавана возьме ўдзел у святкаванні Дня беларускага пісьменства, які мае адбыцца ў верасні ў Капылі (Менская вобласць). Адпаведнае рашэнне было прынятае 24 студзеня на пасяджэнні рады аб’яднання, паведаміла БелаПАН старшыня ТБМ Алена Анісім.
Паводле слоў Анісім, кіруючы орган аб’яднання прыйшоў да высновы, што ТБМ варта „выкарыстаць гэтую пляцоўку, каб сярод грамадства, удзельнікаў свята папулярызаваць і нацыянальную культуру, і дзейнасць арганізацыі”.
Таварыства заснаванае ў 1989 годзе для падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны лінгвістычных правоў грамадзян. ТБМ праводзіць грамадскія кампаніі ў абарону беларускай мовы, аказвае юрыдычную дапамогу тым, хто зведвае дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце, распрацоўвае законапраекты, скіраваныя на раўнапраўнае суіснаванне ў краіне дзвюх дзяржаўных моў (беларускай і расейскай).
Беларускае Радыё Рацыя
