Тэатр, цені, талерантнасць



Наўрадці тых, хто прыйшоў на “Фэст сяброўства”, які ладзіўся ў Берасці праваабарончай ініцыятывай Human Constanta, трэба было вельмі вучыць талерантнасці. Але тэатр – не заўсёды для тых, хто глядзіць. Бывае, што ў нашмат большай ступені ён накіраваны на тых, хто яго стварае.

Гаворка ідзе пра адну з цэнтральных  падзей “Фэсту сяброўства” – ценевы дзіцячы спектакль на тэму міжнацыянальнай талерантнасці. Пад агульным кіраўніцтвам Алены Штык і музычным кіраўніцтвам Насты Хмель яго рыхтавалі дзеці сярэдняй школы нумар 3, якая ў народзе працягвае называцца школай з музычным ухілам. Цяпер школа яшчэ асвойвае праграмы сацыякультурнай адаптацыі, таму выбар, з кім супрацоўнічаць, быў не выпаковы.

Па задумцы Алены Штык, спектакль мусіў стварацца дзіцячым калектывам з нуля – ад абмеркавання ідэі і пабудавання сцэнара – і ў актыўнай супрацы берасцейскіх школьнікаў з іх чачэнскімі равеснікамі. Апошняе на практыцы аказалася даволі цяжка рэалізаваць. “Мы вельмі хацелі, каб гэта была сумесная праца, і яна ішла пастаянна. Але за кошт таго, што чачэнскія сем’і пастаянна робяць спробы выехаць з Беларусі, нашы акторы з’язджалі. Атрымліваецца, склад гэтых дзяцей вельмі мяняўся, яны то былі, то не. Мы разумелі, што так і будзе насамрэч, таму давалі ім такія ролі, што маглі б лёгка перайсці да іншага,” – распавядае рэжысёрка.

У выніку ў фінальнай пастаноўцы спектакля прыняў удзел толькі адзін чачэнскі хлопчык, шасцігадовы Харон. Ён далучыўся да працы літаральна на апошняй рэпетыцыі, быў значна малодшы за асноўны склад, але схапіў усё на ляту і выдатна справіўся.

Для берасцейскіх школьнікаў спектакль таксама быў выклікам. За два тыдні ім трэба было вызначыцца, пра што яны будуць расказваць і як гэта пакажуць. Канешне, вопытныя кожная ў сваёй справе Алена Штык і Наста Хмель накіроўвалі іх ідэі ў патрэбнае рэчышча, ды і самі прымалі ўдзел у пастаноўцы, але і меншым акторам давялося заняць актыўную пазіцыю. У гэтым і задума ценевага тэатра – не прыйсці ў калектыў з гатовым сцэнаром, а зрабіць так, каб сцэнар нарадзіўся ў калектыве. Тады дзеці нясуць у аўдыторыю свой вельмі канкрэтны і вельмі зразумелы месэдж.

“Было вельмі цікава размаўляць з дзецьмі і слухаць іх меркаванне пра талерантнасць, – кажа Алена. – Дзеці прыдумвалі такія гісторыі, як: сям’я прыехала з Украіны, у хлопчыка не было рукі і яму было цяжка адаптавацца ў класе, а адна дзяўчынка прапанавала ўсім на дзень прывязаць руку да цела – заклікала ўсіх адносіцца з разуменнем да гэтага дзіцяці. Тэксты былі такога вось плану. Але яны не зусім укладаліся ў сам спектакль”.

Вынікам сумеснай працы стала 15-хвілінная пастаноўка на некалькі сцэн, у якіх дзеці разважаюць пра рэальныя і надуманыя межы, спрабуюць пражыць эпізод вандроўнага жыцця хлопчыка-бежанца і заклікаюць усіх да сяброўства. Усё гэта пад музыку Насты і з выкарыстаннем дэкарацый, якія акторы вырабілі падчас рэпетыцый.

Па ідэі спектакль закончыўся з апошнімі воплескамі ў перапоўненай гледачамі душнай зале, але паколькі акторы не разбегліся па дамах, а засталіся на фэсце, каб удзельнічаць у наступным джэм-сэйшэне і ўвогуле тусавацца, можна было падумаць, што фінал пастаноўкі ўсё ж адкрыты. І беларускія ды чачэнскія дзеці на сваім прыкладзе паказваюць, як гэта, калі ўсе збяруцца за адным доўгім-доўгім сталом і пачнуць пускаць папяровых змеяў.

 

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя