BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Тэма дня „Арт-агляд“

Сёння пра творчы праект Севярына Квяткоўскага «Батумскія расказы», то бок мой.

Фота: фейсбук Севярына Квяткоўскага

Як шмат хто з беларусаў, у тым ліку творчых заняткаў, я быў вымушаны нават не выехаць з Беларусі, а літаральна эвакуявацца з Беларусі, а пасля Расеі. І воляю лёсу я апынуўся ў Грузіі, дзе абраў для часовага пражывання горад Батумі.

Чаму менавіта Батумі? Там ужо было каля дваццаці тысяч беларусаў. Гэта афіцыйныя дадзеныя грузінскіх уладаў. То бок, у пэўныя перыяды магло быць і болей.

Гаворка пра 2022 – 2023 гады калі ў Старым Батумі літаральна ў кожнай кавярні можна было выгукнуць «Жыве Беларусь!» і хоць бы адзін чалавек табе адказаў бы «Жыве!» ці «Жыве вечна!»

Батумская беларушчына адрозніваецца тым, што вымушаныя перасяленцы на нейкі час апынуліся на вельмі невялікай і вельмі абмежаванай тэрыторыі. Тут мора, там горы, там мяжа з Турцыяй, а там тры сотні кіламетраў да Тбілісі – гліна ды балаты без асаблівых прыкметаў жыццядзейнасці чалавека.

І вось беларусы жывуць на своеасаблівай абітальнай выспе. А тут пачынаюць прыбываць украінцы, а праз некалькі месяцаў і расейцы. Усе фактычна бежанцы, але ёсць нюанс.

Дадайце сюды не вымушаных, а добраахвотных экспатаў з усяго свету. Тут і японец, і амерыканец, і брытанец, і казахі, і цэлы турэцкі квартал, а як вішанька на торце літаратара – саўдыт, які не можа жыць у сябе ў Саудаўскай Аравіі, бо жонка расейка – і закрываць твар не хоча.

І, вядома, грузіны. Мы з сям’ёй жылі не ў турыстычнай, а ў самай што ні ёсць аўтахтоннай частцы Батумі.

Перапляценні людскіх лёсаў, культур, светаглядаў на маленькай тэрыторыі. Суплёт уражанняў, вобразаў і сюжэтаў, часта фантасмагарычных. Кшталту дэманстрацыі пад бел-чырвона-белымі сцягамі, у якой справа былі пальмы, а злева пляж.

Трапіць у Грузію, ды яшчэ ва ўнікальны субтрапічны клімат Батумі – гэта шанцунак, прынамсі для мяне і шмат каго з маіх знаёмых.

Экзотыка моцна дапамагла палекаваць псіхалагічныя траўмы. А таксама паглядзець на сябе з іншага боку. А яшчэ ў Батумі добра ўздымаецца самаацэнка беларусаў. Тут самаарганізацыя на бытавым узроўні адбылася каласальная. Не кажучы пра ідэйную.

Мае «Батумскія расказы» – гэта тэксты, аўдыя, падборка здымкаў. І гэта праект, бо ён мае пачатак, але можа не мець канца, бо яго пры жаданні могуць падхапіць іншыя аўтары. А «расказы» з батумскіх стаць пражскімі, варшаўскімі, беластоцкімі, віленскімі ці нават якімі сіднэйскімі ці рыо-дэ-жанейраўскімі.

Цяпер ужо беларусы ёсць паўсюль. Не людзі з проста беларускім каранямі, а з беларусы з беларускай самасвядомасцю.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя