Топ-10 самых папулярных фільмаў мінулага году ў Менску – толькі Галівуд



У найлепшую дзясятку кінастужак і анімацыі не патрапіў ні адзін ні беларускі, ні расейскі фільм. Што праўда, дзве расейскія стужкі ўвайшлі ў топ-20 – „Т-34” заняў 16 радок, на 18-м месцы „Паліцэйскі з Рублёўкі”.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла кіраўніца аддзела рэпертуарнага прагназавання і планавання „Кінавідэапракату” Вольга Багаварава:

– На першым месцы „Мсціўцы: Фінал”, на другім месцы „Джокер”, на трэцім месцы „Кароль леў”, „Малефісэнта: Уладарка цемры” на чацвёртым месцы”, „Халоднае сэрца 2”, якое выходзіла літаральна ў снежні месяцы, ён ужо на пятым месцы. „Як прыручыць дракона” на шостым месцы, на сёмым месцы „Таямнічае жыццё дамашніх жывёлаў”, на восьмым „Чалавек-павук: Удалі ад дома”, на дзявятым месцы „Яно 2”, „Капітан Марвэл” на дзясятым.

Паводле Вольгі Багаваравай, летась кінатэатры Менску наведала каля трох з паловай мільёнаў гледачоў.

Беларускае Радыё Рацыя