“TLР супраць”: кіно пра рух 80-х паказалі ў Гародні



У Гародні адбыўся першы паказ стужкі пад назвай “TLР супраць”, якая распавядае пра моладзевыя рухі пачатку 80-х у Гародні. Аўтарам фільма з’яўляецца гарадзенскі журналіст Ігар Банцар, а здымалі фільм журналісты Андрэй Фралоў і Аляксандр Саенка.

Пра тое, што прадстаўлена ў фільме, распавядае Ігар Банцар:

– У савецкі час зрабіць такі крок і адназначна сябе апазіцыянаваць, напрыклад,  як прыхільніка польскай музыкі, было вельмі моцна. Цяпер гэта можа не зразумела для сённяшняй моладзі. Зараз мы можам рабіць што заўгодна ў межах заканадаўства. Але тады гэта было штосьці вельмі выключнае. Я нават думаю, што шкада, што да сённяшняга моманту гэтым ніхто не цікавіцца і не хоча ацаніць ровень уплыву тых рухаў.

На думку Сяргея Верамеенкі, аднаго з герояў фільма, час 80-х гадоў ХХ стагоддзя – быў часам, калі ствараліся моладзевыя плыні ў Гародні:  

– У пэўнай ступені гэта час рамантыкі. Я люблю музыку. Я люблю добрую цікавую музыку. Але, на жаль, у 80-я гады добрых беларускіх ці нават савецкіх  выканаўцаў можна было пералічыць па пальцах. Адных “Песняроў” не хапала. Рок на зразумелай мове – польскі рок, ён ужо стаяў вышэй на прыступку ці нават на некалькі. Гэта ўжо быў рок еўрапейскага роўня.

Прэзентацыя фільма адбылася ў памяшканні Генеральнага Консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні, якое і было спонсарам стварэння фільма.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня